У Расіі затрымалі партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі на суму ў 1,6 млн долараў

Супрацоўнікі Смаленскай мытні выявілі 1 млн пачкаў цыгарэт без маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі і акцызных марак у фуры з Беларусі.

dsc_0004_0000_370524.jpg

Мабільная група Смаленскай мытні спыніла грузавік у Кардымаўскім раёне Смаленскай вобласці. Паведамляецца, што кіроўца адмовіўся прад'явіць дакументы і тавар для праверкі, а потым проста ўцёк з месца прыпынку аўтамабіля. Транспартны сродак адбуксіравалі на адзін са складоў.

Праз тыдзень кіроўца добраахвотна прыйшоў у мытню, пасля чаго тавар дагледзелі.

«У ходзе надгляду мытнікі выявілі адзін мільён пачкаў беларускіх цыгарэт без абавязковай маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі і акцызных марак Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Дакументы на тавар адсутнічалі», — паведаміў начальнік Смаленскай мытні Рустам Якубаў.

dsc_0016_0000_370526.jpg

Кошт незаконна ўвезеных тытунёвых вырабаў па папярэдняй ацэнцы складае звыш 100 млн расійскіх рублёў (каля 1,6 млн долараў). Праводзіцца праверка.

Гэта далёка не першы выпадак, калі кантрабандныя беларускія цыгарэты выяўляюць не толькі ў краінах ЕС, але і ў Расіі. Існуе меркаванне, што незаконны гандаль тытунёвымі вырабамі шляхам кантрабанды не можа адбывацца без негалоснага дазволу на тое беларускіх уладаў.