Другі раз за тры дні: Беспілотнік зноў пацэліў у вежу Масква-Сіці
У ноч на 1 жніўня некалькі беспілотнікаў спрабавалі праляцець у Маскву, але былі збітыя сродкамі СПА, паведаміў мэр горада Сяргей Сабянін. Праз новую атаку дронаў прыпыненая праца маскоўскага аэрапорта Унукава, які размешчаны на паўднёвы захад ад расійскай сталіцы.
«Некалькі беспілотнікаў пры спробе пралёту ў Маскву былі збітыя сродкамі СПА. Адзін даляцеў да той жа вежы ў Сіці, што і ў мінулы раз», — цытуе Сабяніна расійскае дзяржаўнае агенцтва РІА Навіны.
Адзін дрон трапіў у будынак вежы Масква-Сіці, у якую ўжо патрапляў беспілотнік у ноч на 30 ліпеня. У выніку пашкоджаны фасад вежы на ўзроўні 21 паверха, парушана шкленне на плошчы 150 квадратных метраў. Пацярпелых няма.
Мінабароны РФ абвясціла, што спыніла «спробу тэрарыстычнай атакі Кіеўскага рэжыму беспілотнымі лятальнымі апаратамі па аб'ектах у Маскве і Маскоўскай вобласці».
Паводле звестак Мінабароны, усяго ў атацы ўдзельнічалі тры ўкраінскія беспілотнікі. Два з іх былі збітыя СПА над тэрыторыяй Падмаскоўя: «Два ўкраінскія БПЛА знішчаныя сродкамі СПА над тэрыторыяй Адзінцоўскага і Нарафамінскага раёнаў Маскоўскай вобласці, — цытуе прэс-службу Міністэрства абароны расійскае дзяржаўнае агенцтва РІА Навіны. — Яшчэ адзін беспілотнік быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і, страціўшы кіраванне, пацярпеў катастрофу на тэрыторыі комплексу нежылых будынкаў „Масква-Сіці“».
Паводле звестак ТАСС, дрон трапіў у хмарачос ва ўрадавым «IQ-квартале», дзе размешчаныя офісы Мінцыфры, Мінэканамразвіцця і Мінпрамгандлю РФ. Як удакладняе выданне Astra, на 21 паверсе атакаванай вежы размяшчаецца Міністэрства эканамічнага развіцця РФ.
Абломкі беспілотніка, які патрапіў у вежу Масква-Сіці знойдзеныя, іх адправяць на выбуха-тэхнічную экспертызу, паведамілі ў экстранных службах горада.
Праз атаку беспілотнікаў у Маскве часова спыняў працу аэрапорт Унукава.
Нагадаем, двое сутак таму, у ноч на 30 ліпеня вежы Масква-Сіці ўжо падвяргаліся нападу дронаў. Тады два беспілотнікі пашкодзілі фасады двух офісных высотак. У адной з вежаў нават быў паранены ахоўнік.
З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Масква неаднаразова зведвала напады беспілотнікаў. У ноч на 3 траўня 2023 года два дроны атакавалі купал сенацкага палаца ў Маскоўскім Крамлі. Улады РФ назвалі тое, што адбылося, «тэрактам» і спробай замаху на прэзідэнта Уладзіміра Пуціна (хоць у момант атакі ён знаходзіўся ў іншай рэзідэнцыі).
Глядзіце таксама
Раніцай 30 траўнятры беспілотнікі трапілі ў жылыя дамы ў Новай Маскве і ў цэнтры сталіцы РФ. 21 чэрвеня тры беспілотнікі збілі ў Новай Маскве і Нара-Фамінскай гарадской акрузе. 4 ліпеня некалькі дронаў збілі на падлёце да Масквы.
У ноч на 24 ліпеня два беспілотнікі ўдарылі па двух нежылых будынках. Адзін дрон урэзаўся ў бізнэс-цэнтр, які будуецца на праспекце Ліхачова, іншы ўпаў на будынак Цэнтральнага вайсковага аркестра Мінабароны РФ на Камсамольскім праспекце. 28 ліпеня адзін беспілотнік збілі ў Траецкай адміністрацыйнай акрузе.
Глядзіце таксама
Паводле meduza.io, ВВС