Другі тур камунальных выбараў у Францыі стаў трыумфам «зялёных»

Экзітполы аддаюць перамогу кандыдатам партыі "Еўропа-Экалогія — "Зялёныя" ў Ліёне, Марсэлі, Бардо і Страсбургу. Другі тур камунальных выбараў у Францыі прайшоў пры рэкордна нізкай яўцы.

Кандыдат "зялёных" у мэры Ліёна Грэгары Дусе

Кандыдат "зялёных" у мэры Ліёна Грэгары Дусе

У Францыі ў нядзелю, 28 чэрвеня, прайшоў другі тур камунальных (муніцыпальных) выбараў. Паводле звестак экзітполаў, кандыдаты партыі "Еўропа-Экалогія — "Зялёныя" атрымалі перамогу ў Ліёне, Марсэлі, Бардо і Страсбургу. У Парыжы мэр Ан Ідальга ад французскай сацыялістычнай партыі забяспечыла сабе пераабранне.

Кандыдат ад крайне правай партыі "Нацыянальнае аб'яднанне" (былы "Нацыянальны фронт") Луа Альа лідзіруе на выбарах у горадзе Перпіньян каля французска-іспанскай мяжы. Старшыня партыі Марын Ле Пен ужо заявіла пра "вялікую перамогу".

На выбарах мэра Гаўра першую пазіцыю з 59 працэнтамі галасоў займае дзеючы прэм'ер-міністр Эдуар Філіп. Палітык, які ўжо з'яўляўся кіраўніком гэтага партовага горада ў 2010–2017 гадах, заявіў пра "пацверджанне даверу".

 

"Расчаравальныя вынікі" партыі прэзідэнта Макрона

 

У сваю чаргу, прадстаўнік французскага ўрада Сібет Ндыяе паведаміла, што вынікі партыі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона "Рэспубліка на маршы" "расчаравальныя". Сам кіраўнік дзяржавы пасля закрыцця ўчасткаў выказаў заклапочанасць рэкордна нізкай яўкай. Правам аддаць свой голас у другім туры скарысталіся толькі каля 40 працэнтаў выбаршчыкаў.

Першы тур камунальных выбараў у Францыі адбыўся 15 сакавіка пры яўцы 44 працэнты. Другі тур выбараў быў перанесены на фоне пандэміі. Выбары праводзіліся прыкладна ў 4800 камунах, у тым ліку ў найбуйнейшых гарадах Францыі. Наведвальнікі выбарчых участкаў абавязаныя былі знаходзіцца ў ахоўных масках і захоўваць дыстанцыю.

Паводле www.dw.com