Дзярждума РФ аднагалосна падтрымала законапраект аб забароне «змены полу»

Дзярждума прыняла ў выніковым чытанні закон аб забароне «змены полу». Лекарам забароняць праводзіць аперацыі і назначаць тэрапію для трансгендарнага пераходу. Засталося, каб гэты закон падпісаў Пуцін.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Галасаванне ў трэцім чытанні закона адбылося сёння, 14 ліпеня. У другім чытанні ўчора, 13 чэрвеня, законапраект таксама быў ухвалены аднагалосна ніжняй палатай расійскага парламента, яго падтрымаў 391 дэпутат, нагадвае ВВС.

Пасля канчатковага ўхвалення законапраекта ў Расіі будуць забаронены аперацыі для ажыццяўлення трансгендарнага пераходу і адпаведная гарманальная тэрапія, а таксама замена гендарнага маркера ў дакументах.

«Медыцынскім работнікам забараняецца ажыццяўленне медыцынскіх умяшанняў, накіраваных на змену полу чалавека, у тым ліку фарміраванне ў чалавека першасных і (або) другасных палавых прыкмет іншага полу», — сказана ў праекце закона.

Выключэнне прапануецца зрабіць толькі для «прыроджаных анамалій у дзяцей».

У законапраекце выкарыстоўваецца фармулёўка «змена полу», аднак яна не з'яўляецца карэктнай. Гаворка ідзе пра забарону змены гендарнага маркера і гендарна-афірматыўных медыцынскіх умяшанняў, гэта значыць пра забарону легалізацыі транспераходу.

Акрамя забароны непасрэдна на медыцынскую дапамогу транслюдзям, Дзярждума ўхваліла наступныя абмежавальныя меры:

  • Органы ЗАГС не змогуць уносіць змены ў дакументы чалавека на аснове медыцынскіх даведак аб «змене полу».

  • «Змена полу» мужам ці жонкай або абодвума становіцца падставай для скасавання шлюбу.

  • Для «людзей, якія змянілі свой пол», будзе ўведзена забарона на ўсынаўленне дзяцей і афармленне папячыцельства над імі.

Цяпер па законе для таго, каб змяніць гендарны маркер і правесці неабходныя аперацыі, транслюдзі могуць атрымаць даведку з дыягназам «транссексуалізм». На яе падставе можна памяняць пасведчанне аб нараджэнні, а затым — пашпарт. Таксама пасля атрымання даведкі транслюдзі могуць атрымліваць медыцынскую дапамогу: гарманальную тэрапію і накіраванне на аперацыі. 

Глядзіце таксама

«Не трэба выдумляць паправак»

Раней Міністэрства аховы здароўя перадало негатыўнае заключэнне на законапраект, дзе сярод іншага адзначалася, што ён можа прывесці да росту колькасці самагубстваў сярод людзей, чый гендар не адпавядае афіцыйнаму полу.

«Не змогуць, бедныя, прывесці свае пашпартныя даныя ў адпаведнасць з рэчаіснасцю, якая склалася ў іх у галаве», — здзекліва пераказаў гэтую частку заключэння дэпутат Пётр Талстой.

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Мурашка, які прысутнічаў на абмеркаванні законапраекта ў сярэдзіне чэрвеня, прапаноўваў проста зрабіць больш жорсткімі патрабаванні для прыняцця рашэння аб гарманальным або хірургічным лячэнні транслюдзей.

Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін у адказ заявіў, што Міністэрству аховы здароўя не трэба «выдумляць ніякіх паправак» да законапраекта, «аргументуючы гэта клопатам пра людзей».

«Клапаціцца трэба, калі хочаце, забараніўшы ўвесь гэты блуд», — сказаў Валодзін. 

Глядзіце таксама

Сацыяльная група без правоў

У тлумачальнай запісцы да законапраекта гаварылася, што ў Канстытуцыі Расіі не прадугледжана «змена полу», а таксама «прамежкавыя варыянты полу накшталт бацька №1 і бацька №2» — фармулёўка, якую неаднаразова выкарыстаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Таксама адзначаецца, што законапраект накіраваны на ўмацаванне стратэгіі Расіі ў нацыянальнай бяспецы і падтрыманне «традыцыйных расійскіх каштоўнасцей».

Яшчэ падчас абмеркавання закона аб увядзенні паўсюднай забароны на «гей-прапаганду» ў 2022 годзе дэпутаты і чыноўнікі не хавалі, што гэта рашэнне прынята на фоне і з прычыны вайны ва Украіне. Дэпутаты тады заяўлялі, што акрамя вайны ва Украіне Расія вядзе і «духоўную барацьбу з Захадам», таму забарона «гей-прапаганды» і «прапаганды змены полу» дапаможа супрацьстаяць  «новаму сусветнаму парадку».

Новы законапраект «патрэбны для таго, каб дзяржава яшчэ больш умешвалася ў прыватнае жыццё грамадзян і ўмацоўвала той рэжым, які існуе», казала ВВС юрыст ЛГБТ-руху «Выхад» Ксенія Міхайлава (арганізацыя, дарэчы, прызнана ў Расіі замежным агентам). «Чым больш дзяржава ўмешваецца ў прыватнае жыццё, тым мацней і лепш яна кантралюе сваіх грамадзян», — лічыць яна.

Юрыст праваабарончай арганізацыі «Справа ЛГБТ» Уладзімір Комаў адзначыў, што новы законапраект накіраваны на тое, каб пазбавіць правоў цэлую сацыяльную групу. Гэты дакумент супярэчыць Канстытуцыі Расіі і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, адзначае юрыст.