ЕС плануе стварыць універсітэт для пацярпелых ад уладаў Беларусі і Расіі
Пра гэта піша Еўрарадыё.

Ініцыятарам ідэі аб стварэнні ўніверсітэта для рэпрэсаваных студэнтаў і выкладчыкаў, якім давялося бегчы з Беларусі і Расіі, стала міжнародная група навукоўцаў і дзеячаў культуры, паведамляе DW. Сярод іх расійскі эканаміст Сяргей Гурыеў, лаўрэат нобелеўскай прэміі па літаратуры Вольга Такарчук, амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр.
Група накіравала адкрыты ліст Еўракамісіі і ўрадаў еўрапейскіх краін. Навукоўцы і дзеячы культуры заклікаюць палітыкаў стварыць на тэрыторыі Еўропы Усходнееўрапейскі ўніверсітэт. Там прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, якія былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі і Расіі праз рэпрэсіі ўладаў, змогуць працягнуць выкладаць і атрымліваць адукацыю.
— Пакуль невядома, колькі іх ўжо пакінула Беларусь, але размова ідзе аб сотнях, тысячах чалавек, — кажа адзін з ініцыятараў праекта, гісторык Ян Клаас Берендс.
Аўтары звароту мяркуюць, што колькасць тых, хто з'язджае, будзе расці, бо рэпрэсіі не спыняюцца.
— Гэтыя людзі не павінны працаваць кур'ерамі, яны павінны мець шанец працягнуць займацца навукай, — падкрэслівае Ян Клаас Берандс.