ЕЗ рыхтуецца да жорсткага Brexit
Еўракамісія распрацавала план экстраных захадаў у выпадку выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ без падпісання дамовы з Бруселем. План прадугледжвае 14 прапановаў і ахоплівае розныя сферы, паведамляе Белсат.
Пакет Еўракамісіі накіраваны галоўным чынам на тое, каб «пазбегнуць найбольш негатыўных наступстваў жорсткага Brexit».
Краінам-сябрам ЕЗ рэкамендуецца прыняць меры «па рашэнні праблемы статусу пражывання і сацыяльнага забеспячэння грамадзянаў Вялікай Брытаніі ў Еўропе», чакаюцца таксама і ўзаемныя крокі з боку Лондану.
Прапануецца таксама прыняцце больш за дзясятка заканадаўчых актаў з мэтай змякчэння жорсткага Brexit і «забеспячэння пэўнай пераемнасці» ў адносінах паміж ЕЗ і Злучаным Каралеўствам. Гаворка ідзе, у тым ліку, «аб праве на палёты, сертыфікатах бяспекі палётаў, квотах на вуглевадародныя злучэнні».
Частка заканадаўчых актаў тычыцца фінансавых паслугаў – сферы, лідарам у якой з’яўляецца Брытанія. Брусель выступае таксама за тое, каб еўрапейскія кантынентальныя кампаніі працягвалі выкарыстоўваць разлікова-клірынгавыя цэнтры ў Вялікай Брытаніі і іншую фінансавую інфраструктуру, каб не дапусціць хаосу на рынках.
Пры гэтым у пакеце нічога не адзначаецца пра галоўную на сёння праблему, звязаную з мяжой паміж Паўночнай Ірландыяй і Рэспублікай Ірландыя пасля выхаду Лондану з ЕЗ.
Адметна, што Лондан таксама пачаў поўнамаштабную падрыхтоўку да жорсткага Brexit.
СК, belsat.eu