Францыя. Чаму правыя і левыя вінавацяць Макрона ў пажары?
Да ўсіх праблемаў французскага гаранта дадаўся пажар у Саборы Парыжскай Божай Маці, што здарыўся 15 красавіка.
Пажарныя яшчэ не паспелі
цалкам лакалізаваць полымя, як левая апазіцыя атакавала цяперашняга гаспадара
Елісейскага палацу. У левых медыя звяртаецца ўвага на хранічнае кепскае
фінансаванне сталічных пажарнікаў. Адначасова ўсё больш бюджэтных сродкаў
апошнім часам ідзе на падтрымку паліцэйскіх, якія змагаюцца з пратэстамі «жоўтых
камізэлек».
Не толькі левыя крытыкуюць Макрона за пажар. Правыя папулісты, блізкія да Марын Ле Пэн, лічаць, што кафедральны сабор падпалілі ісламскія фундаменталісты, якія, маўляў, абсалютна вольна сябе адчуваюць пры цяперашнім прэзідэнце-ліберале. Звяртаецца ўвага на нядаўнюю спробу падпалу царквы Сэн-Дэні — пахавальні французскіх каралёў.
Найбольш вар’яцкую ідэю навязваюць правыя медыя. Калі ім верыць, Нотр-Дам «замовілі» банкіры з сямейства Ротшыльдаў, якія фінансавалі кампанію Макрона і марылі адпомсціць касцёлу за пераслед яўрэяў. Па іх патрабаванні прэзідэнт паслабіў пажарную ахову сабора.
Думаецца, што на гэтым спіс аматараў крытыкаваць Макрона за спаленую царкву не скончыцца. З іншага боку, нельга выключыць, што такога кшталту інсінуацыі могуць мець адваротны эфект. Сабор Нотр-Дам успрымаецца французамі як сімвал нацыі, і палітызацыю трагедыі народ можа папросту не зразумець. Прынамсі, першай рэакцыяй на пажар сталі не палітычныя маніфестацыі, а калектыўныя малітвы.