Ужо заўтра: парламенцкая дэлегацыя Францыі наведае Мінск

Парламенцкая дэлегацыя Францыі наведае з рабочым візітам Мінск 15-19 красавіка. Яе ўзначаліць намеснік старшыні Камісіі Сената па фінансах, старшыня групы дружбы «Францыя-Беларусь» Шарль Генэ, піша БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Савета Рэспублікі.

frantsuzskij_flag.jpg


Французскія парламентарыі сустрэнуцца са старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Запланаваны сустрэчы дэлегацыі з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, Канстытуцыйнага суда, Парка высокіх тэхналогій. Парламентарыі Сената Францыі наведаюць ААТ «БелАЗ», сустрэнуцца з мясцовымі ўладамі Мінскай і Гарадзенскай абласцей. Візіт адбудзецца па запрашэнні беларускага боку і будзе садзейнічаць рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых падчас сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча з прэзідэнтам Сената Францыі Жэрарам Ларшэ ў лістападзе 2018 года. 
Як паведамлялася, у 2018 годзе ўпершыню ў гісторыі беларуска-французскіх адносін былі створаны рабочая група па супрацоўніцтве з Францыяй у Савеце Рэспублікі і група дружбы «Францыя-Беларусь» у Сенаце Францыі. Дзейнасць груп накіравана на пашырэнне супрацоўніцтва пабрацімскіх гарадоў Беларусі і Францыі, устанаўленне прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі, развіццё двухбаковых адносін у інвестыцыйнай, сельскагаспадарчай, экалагічнай і іншых сферах.
racyja.com