Францыя. Фанацкія клубы замест фракцый

У французскім парламентарызме новыя павевы. Упершыню ў гісторыі дэпутаты сабраліся не згодна са сваімі палітычнымі поглядамі, а паводле клубных сімпатыў.

Фота frontnews.eu

Фота frontnews.eu

Такім чынам створаная «фірма» (так на слэнгу называюцца аб’яднанні заўзятараў), дэпутацкая група фанатаў марсельскага футбольнага клуба «Алімпік». У «фірму Алімпіка» запісалася аж 56 дэпутатаў. Ініцыятыва выклікала адпаведную рэакцыю ў дэпутатаў, якія заўзеюць за іншыя клубы.

Рыхтуецца стварэнне аналагічных груповак дэпутатаў — фанатаў парыжскага клубу PSG і карсіканскага клубу «Bastia».

Між тым, эксперты пабачылі ў кур’ёзе прыкметы вельмі важных трэндаў. На думку некаторых, мы маем справу з новай формай папулізму. За кошт каляфутбольных манеўраў палітыкі маюць надзею прыцягнуць галасы выбарчшыкаў, які ходзяць на стадыёны.

Іншыя непакояцца, што з’яўленне фанацкіх груповак пры парламенце ператворыць дэпутатаў у спартовых лабістаў, што пагражае катастрофай бюджэтнай палітыцы.

Нарэшце, самыя песімістычныя каментатары звяртаюць увагу, што шмат парламентарыяў і раней не хавалі футбольных забабонаў. Аднак заўжды хобі было аддзеленае ад палітыкі. Тое, што адбываецца, маўляў, дае падставу казаць пра працэсы дэбілізацыі французскага палітычнага класу.

Паводле французскай прэсы