Галоўнакамандуючы УС Украіны паведаміў пра больш чым 2 тысячы расійскіх вайскоўцаў на Данбасе
Галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны (УСУ) Валерый Залужны паведамляе пра 2,1 тыс. кадравых вайскоўцаў Узброеных Сіл РФ, якія на пастаяннай аснове знаходзяцца на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Данбаса, паведамляе «Интерфакс-Запад».
«Кадравыя расійскія генералы і афіцэры займаюць ключавыя камандныя пасады», — заявіў ён на старонцы галоўнакамандуючага ў Facebook у пятніцу.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў і галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны знаходзяцца ў раёне правядзення аперацыі Аб'яднаных сіл на ўсходзе краіны з рабочай паездкай.
Залужны назваў сітуацыю з бяспекай у Данбасе «складанай, але цалкам кантралюемай Аб'яднанымі сіламі». «Праціўнік узмацніў перадавыя падраздзяленні танкавымі групамі і актыўна выкарыстоўвае БПЛА і снайпераў...» — напісаў ён.
Галоўнакамандуючы таксама паведаміў пра зафіксаваныя з пачатку года 2 тыс. 287 абстрэлаў украінскіх пазіцый, а за лістапад, паводле яго даных, праціўнік парушыў «рэжым цішыні» 78 разоў.