«Змяненне падыходу будзе мець непапраўныя наступствы». У МЗС Украіны пракаментавалі словы Макея пра Крым

Сёння кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю РІА «Новости» заявіў, што пазіцыя Мінска па Крыме застаецца ранейшай. Ён дадаў: «Мы разумеем у рэальнасці, што Крым з'яўляецца цяпер расійскай тэрыторыяй. Давайце зыходзіць з гэтага». У МЗС Украіны адказалі.

monument_nezavisimosti_kiev_ukraina.jpg


Каментуе афіцыйны прадстаўнік украінскага МЗС Алег Нікаленка.
«У МЗС Украіны звярнулі ўвагу на заяву міністра замежных спраў Беларусі з нагоды Крыма. Мы зыходзім з таго, што афіцыйна, як і раней, Беларусь падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы ў яе міжнародна прызнаных межах. Змена падыходу Беларусі да дэ-юрэ прызнання часова акупаванага Крыма тэрыторыяй Расіі будзе мець непапраўныя наступствы для ўкраінска-беларускіх адносін. Мы спадзяёмся, што Мінск усведамляе гэты аспект і не дапусціць крокаў, якія супярэчаць нормам міжнароднага права».
Нагадаем, напярэдадні кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных, заявіў, што беларускім бокам Крым быў прызнаны расійскім.
 — Справа ў тым, што Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ даўно быў прызнаны беларускім бокам расійскім. Адзінае, чаго не было, — не было нейкай палітычнай заявы, каб фармалізаваць гэта, скажам так, для расійскай медыйнай прасторы, — сказаў Савіных. І дадаў, што гэта палітычная рэальнасць.
У Крамлі не палічылі словы беларускага дэпутата афіцыйным прызнаннем Крыма Мінскам.
— У Беларусі парламент не вызначае знешнюю палітыку. Як і ў нас, гэта прэрагатыва прэзідэнта, — адзначыў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.