Уладзімір Зяленскі заяўляе пра канцэнтрацыю расійскіх войск ля межаў Украіны
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што каля мяжы з Украінай знаходзяцца амаль 100 тысяч расійскіх салдатаў і што заходнія краіны перадалі Кіеву інфармацыю аб актыўным перасоўванні расійскіх войскаў у раёне ўкраінскай мяжы, піша Свабода.
«Я спадзяюся, што ўвесь свет цяпер можа ясна бачыць, хто сапраўды хоча міру і хто канцэнтруе амаль 100 тысяч салдатаў на нашай мяжы», — сказаў Зяленскі ў відэавыступе, размешчаным на сайце прэзідэнта Украіны.
Перасоўванне расійскіх войскаў каля мяжы з Украінай выклікала ў Кіева і заходніх краінаў перасцярогі наконт магчымага ўварвання ва Украіну. Масква называе гэтыя перасцярогі «правакацыйнымі», у сваю чаргу выказваючы занепакоенасць ростам вайсковай актыўнасці NATO у рэгіёне.
3 лістапада Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што колькасць расійскай групоўкі, сканцэнтраванай ля мяжы з Украінай, складае 90 тысяч чалавек.