Ульянаўскага святара вырашылі саслаць у манастыр за пост пра Навальнага

Святара Георгія Сухабокага, раней звольненага з пасады прэс-сакратара Мелекескай епархіі за пост пра Аляксея Навальнага, саслалі на «духоўную рэабілітацыю» ў мужчынскі манастыр. Царкоўны ўказ пра гэта Сухабокі апублікаваў у «Фэйсбуку».

237144322_1778008879053784_6518435840592713624_n.jpg

Фота з «Фэйсбуку» Георгія Сухабокага
У дакуменце гаворыцца, што святару забаронена служыць на паўгода «ў сувязі з духоўнай няздольнасцю паўнавартасна выконваць свае пастырскія абавязкі».
У каментары выданню «Пад'ём» Сухабокі заявіў, што не мае намеру падпарадкоўвацца ўказу. «Гэта праява небывалай дрымучасці. Лічу гэта рашэнне незаконным, таму не лічу для сябе магчымым яго выканаць», — сказаў ён.
У епархіі ў сваю чаргу адказалі, што гэта нармальнае пакаранне.
20 кастрычніка Георгій Сухабокі апублікаваў пост у «Фэйсбуку», прысвечаны навіне пра тое, што Еўрапарламент прысудзіў Аляксею Навальнаму прэмію Сахарава. «Раней я яго крытыкаваў, але цяпер гатовы паціснуць яму руку», — напісаў святар. Праз тыдзень стала вядома, што яго звольнілі з пасады прэс-сакратара епархіі.

Паводле meduza.io