Хімічная брэтонская, або Мова будучыні

Ад перакладчыка: Гэты артыкул выйшаў у 2015, але трапіў у поле зроку беларускіх лінгвістаў нядаўна. У ім апавядаецца пра брэтонскую мову, лёс і стан якой шмат у чым пераклікаецца з лёсам і станам беларускай. Гэта тычыцца і захаванасці мовы, і яе перадачы ў пакаленнях, і нормы мовы. Мяркую, гэты пераклад будзе цікавы шырокаму колу прыхільнікаў беларускай мовы.Віталь Станішэўскі

Ганна Мурадава

Ганна Мурадава


Гадоў сем таму ў горадзе Рэн сустрэліся некалькі сяброў, былых аднакурснікаў-філолагаў, што калісьці разам вучыліся ў дэпартаменце брэтонскай і іншых кельцкіх моў Універсітэта Рэн-2. Як належыць, пайшлі ў блінную, дзе, смакуючы брэтонскія грачаныя блінцы і сідр, завялі гутарку аб старых добрых часах, калі ўсе мы былі маладыя і дурныя.
Гутарка вялася, вядома, на брэтонскай мове. Хтосьці гаварыў на леонскім дыялекце, хтосьці — на карнуайскім, але ўсе адно аднаго разумелі. За плячыма было некалькі гадоў навучання ва ўніверсітэце, дзе выкладанне вялося на крыху штучным наддыялектным варыянце брэтонскай. Менавіта на такой брэтонскай, вывучанай ва ўніверсітэце і злёгку прыпраўленай карнуайскім дыялектам, падтрымліваў гутарку і аўтар гэтых радкоў.
Верасень выдаўся цёплым, і кампанія размясцілася на адкрытай тэрасе. Міма па вуліцы ішоў малады чалавек і, пачуўшы брэтонскую гаворку, падышоў і пажадаў далучыцца да гутаркі. Ён працаваў стажорам на мясцовым брэтонамоўным радыё і быў рады любой магчымасці папрактыкавацца ў вусным маўленні. Аднак як толькі ён сказаў пару фраз, усе адчулі сябе не ў сваёй талерцы, дакладней, наадварот: зрабілі выгляд, што якраз свае талеркі з блінцамі іх цікавяць у гэты момант больш за ўсё. Крыўдзіць маладога чалавека ніхто не хацеў, але і працягваць размову з ім таксама. Адчуўшы няёмкасць, юнак спешна развітаўся з прысутнымі і схаваўся ў вечаровых прыцемках. Як толькі ён знік з вачэй, прысутныя пачалі абмяркоўваць інцыдэнт.
— Ну як жа можна так гаварыць? Усё вымаўляе на французскі манер!
— Калі б ён гаварыў на ванскім дыялекце, гэта яшчэ сяк-так, але ўсе гэтыя націскі на апошні склад у стандартнай брэтонскай… жах!
— А як ён будуе фразы? Дзейнік — выказнік — прамое дапаўненне!.. Ды ён гаворыць па-французску, толькі словы замяняе на брэтонскія. Ды яшчэ і перакручвае. Ды яшчэ і ўстаўляе ўсе гэтыя дурныя неалагізмы!
— Калі нават іншаземка ў шоку ад яго брэтонскай, чаго ўжо там… І цэлае ж пакаленне так гаворыць і думае, што гэта і ёсць брэтонская мова ва ўсёй сваёй красе!
Не мела б сэнсу пераказваць гэты эпізод, калі б ішлося пра нядбайнага студэнта, які не парупіўся вывучыць мову як належыць. Аднак як менавіта належыць гаварыць па-брэтонску, пытанне спрэчнае.

Карта Брэтані

Карта Брэтані

Пару дзесяцігоддзяў таму, калі яшчэ жывое было пакаленне, народжанае ў першай трэці XX стагоддзя, пераважная большасць брэтонамоўных вывучвала мову ў сям’і і гаварыла на адным з чатырох дыялектаў. Пытанняў, як трэба гаварыць на гэтай мове і як не трэба, для іх не паўставала: «правільная» мова — гэта тая, на якой гавораць старэйшыя сваякі. Але не ўсім так лінгвістычна пашанцавала з раднёй.
Пасля Першай сусветнай вайны франкамоўныя брэтонскія інтэлігенты, чые продкі даўно выйшлі ў людзі і паспяхова забылі брэтонскую, пачалі вывучаць гэтую мову дзеля яе захавання і падтрымання. Многія з іх імкнуліся да стварэння новай літаратурнай мовы, новага пісьмовага стандарту. Стандарт гэты засноўваўся не столькі на жывых брэтонскіх дыялектах, колькі на вельмі своеасаблівай разнавіднасці пісьмовай мовы, зняважліва званай brezhoneg beleg, «папоўская брэтонская». Мова брэтонскіх святароў не заўсёды была зразумелая для іх паствы, бо вызначалася калькамі з лаціны і французскай, а таксама шматлікімі запазычаннямі, прычым не толькі на ўзроўні лексікі. У «папоўскай брэтонскай» з’явіліся граматычныя канструкцыі, у прынцыпе не ўласцівыя сучаснай брэтонскай мове, але прысутныя ў лаціне і французскай. Давялося стварыць адсутную ў брэтонскай падпарадкавальную сувязь, бо ёсць жа ў лаціне і ў французскай складаназалежныя сказы! Няма ў брэтонскай мове злучнікаў або злучнікавых слоў, якія б прыдаваліся для паказу падпарадкавальнай сувязі? Нічога, прыдумаем! Так з’явіліся штучна створаныя злучнікі pehini («які, каторы») і pere («якія, каторыя»).

Сабор Святога Пятра (Рэн, Францыя)

Сабор Святога Пятра (Рэн, Францыя)

«Папоўская брэтонская» здаўна выклікала кпіны ў тых, хто прывык па-брэтонску не пісаць, а размаўляць. Але менавіта на ёй ствараліся ў канцы XIX і пачатку ХХ стагоддзяў тэксты, якія мелі хоць нейкую літаратурную вартасць. Таму яна збольшага легла ў аснову мовы, на якой ствараліся новыя літаратурныя творы і пераклады залатога фонду сусветнай літаратуры. Больш за тое, менавіта гэтую разнавіднасць мовы вучылі інтэлектуалы з універсітэцкага асяроддзя. Пераважная іх частка жыла ў асноўным у горадзе Рэн, жыхары якога, як і насельнікі ўсёй Верхняй (Усходняй) Брэтані, ніколі не гаварылі на брэтонскай мове. Больш за тое: бывала, што, пабраўшыся між сабой, актывісты і актывісткі руху за выратаванне брэтонскай мовы ад заняпаду пачыналі гаварыць з дзецьмі толькі па-брэтонску. Толькі гэтай літаратурнай брэтонскай, на жаль, не разумеў ніхто, акрамя неафітаў.
Не ўсім «інтэлектуальная», «вывучаная» брэтонская прыйшлася па душы: надта вузкім было кола тых, хто пісаў і размаўляў на ёй, і, галоўнае, страшна далёкія яны былі ад народа. Таму поруч з «гарадской» літаратурай існаваў і «вясковы» кірунак: бытапісальная, мемуарная літаратура, напісаная на мове, блізкай да жывых дыялектаў. Цікава, што на пачатку 1990-х у Брэтані выйшаў кароткі біяграфічны даведнік пісьменнікаў ХХ стагоддзя, дзе разам з імёнамі і датамі жыцця прысутнічала не менш важныя пазнака «гаворыць па-брэтонску з дзяцінства». Вядома, такая пазнака стаяла зусім не пры кожным імені.

Рукапіс падарожніка Арнольда фон Харфа: нанцкія строі і брэтона-ніжненямецкі слоўнік. Канец XV стагоддзя

Рукапіс падарожніка Арнольда фон Харфа: нанцкія строі і брэтона-ніжненямецкі слоўнік. Канец XV стагоддзя


Пры гэтым веданне гэтай мовы ад нараджэння можа азначаць, што пісьменнік нарадзіўся і вырас у брэтонамоўнай глыбінцы і атрымаў у спадчыну яе ад пакаленняў, што паходзяць ад раннесярэдневяковых брыцкіх перасяленцаў. Але дакладна гэтак жа ён мог нарадзіцца ў сям’і дзівакоў-інтэлектуалаў, што вывучылі мову з патрыятычных меркаванняў. На пачатку ХХ стагоддзя такіх штучна выкармленых носьбітаў мовы было няшмат, і з іх прынята было лагодна пасмейвацца, але пад канец стагоддзя сітуацыя паступова змянілася.
Жорсткая лінгвістычная палітыка Францыі, урбанізацыя і адыход вясковых жыхароў з брэтонамоўных вёсак у гарады, дзе да таго часу ўжо ўсе гаварылі на французскай, прывялі да памірання мовы, якая стала незапатрабаванай. У той час як гараджане з універсітэцкай адукацыяй свядома вучылі брэтонскую і перадавалі яе дзецям, жыхары хутароў і рыбацкіх пасёлкаў, наадварот, адвучвалі сваіх дзяцей ад звычкі гаварыць на гэтай нікому не патрэбнай мове. Да таго ж, у дзяржаўных школах за размовы на брэтонскай сурова каралі.
Спрыяннем энтузіястаў у 1977 годзе была створана першая школа «Diwan», дзе навучанне вялося выключна на брэтонскай мове. Аднак досыць хутка стала зразумела, што «школьная брэтонская» не менш штучная і далёкая ад жывых дыялектаў, чым «папоўская» і «інтэлектуальная». І па прыездзе ў вёску да брэтонамоўнай бабулі (калі такая, вядома, была) дыванаўцы былі не ў стане падтрымаць з ёй гутарку. Разрыў паміж «спрадвечнымі брэтонцамі» і неафітамі станавіўся тым больш сур’ёзным, чым менш рабілася першых і чым больш — другіх. Школы «Diwan» паступова пашырыліся па ўсёй Ніжняй (Заходняй) Брэтані, да таго ж, вялікай папулярнасцю сталі карыстацца дзвюхмоўныя школы, дзе навучанне вялося і на брэтонскай, і на французскай.
Цікавая сітуацыя склалася ў 1990-я гады. Падчас вучобы ва Універсітэце Рэн-2 па спецыяльнасці «Брэтонская і іншыя кельцкія мовы» аўтару гэтых радкоў пастаянна даводзілася назіраць раскол і паміж выкладчыкамі, і паміж студэнтамі. Па адзін бок барыкад былі патомныя носьбіты жывой гутарковай брэтонскай, вывучанай ад бабуль і дзядуляў у вясковай мясцовасці, па другі — неафіты або патомныя носьбіты брэтонскай, якую апаненты іранічна называлі «рэнскім дыялектам» або «хімічнай брэтонскай». У цэлым захоўваючы зычлівыя адносіны, абодва бакі падкрэслівалі ўласную перавагу. Студэнты-гараджане пасмейваліся з «селюкоў», якія, вядома, гаварылі на брэтонскай больш вольна, але іх не заўсёды разумелі з-за дыялектных адрозненняў, да таго ж, яны не вызначаліся начытанасцю і шырынёй кругагляду. «Вясковыя» ў адказ спрытна парадзіравалі французскі акцэнт гараджан і іх патугі выглядаць сапраўднымі брэтонцамі разам з імкненнем выкараніць са свайго маўлення ўсе французскія запазычанні, назапашаныя ў мове за апошнюю тысячу гадоў. У выніку і без таго невялікі калектыў студэнтаў дэпартамента брэтонскай і кельцкіх моў разбіўся на дзве мала сумяшчальныя кампаніі.

Вучні школы «Diwan» у Парыжы

Вучні школы «Diwan» у Парыжы

За мінулыя з тых часоў дваццаць гадоў сітуацыя змянілася. Пасля 2000 года колькасць тых, хто вывучыў брэтонскую ў школах, прыкметна вырасла, у той жа час адышлі ў лепшы свет прадстаўнікі пакалення, што нарадзілася ў першыя два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя, для якіх брэтонская была роднай мовай, а французская — вывучанай у школе з-пад палкі.
Прырост брэтонамоўнага насельніцтва сярод моладзі, вядома ж, дае мове шанс працягнуць існаванне, але і тут ёсць свае падводныя камяні. Часам школьнік не асабліва гарыць жаданнем размаўляць на гэтай мове, але падпарадкоўваецца выбару бацькоў і ідзе вучыцца куды скажуць. Прычыны бацькоўскага выбару могуць быць рознымі. Многія імкнуцца захаваць родную мову і, калі ўжо не ўдалося вывучыць самім ад бацькоў, хаця б даць магчымасць вывучыць яе дзіцяці. Аднак ад многіх калег даводзілася чуць, што часта вывучэнне брэтонскай мовы лічыцца доляй тупіц і няўдачнікаў, якім не адолець англійскую або іншую замежную мову. Атрымаць дрэнную ацэнку за брэтонскую мову складана: па-першае, выкладчыкі, як правіла, энтузіясты, гатовыя важдацца нават з самымі цяжкімі вучнямі, а па-другое, з-за сумнеўнай перспектывы працаўладкавання з веданнем брэтонскай мовы планка патрабаванняў да вучняў зніжаецца, атрымаць добрую адзнаку робіцца прасцей. Так што хоць колькасць тых, хто вывучае брэтонскую мову ў школах і ўніверсітэтах, павялічваецца, пытанне якасці адукацыі і таго, на якой жа брэтонскай мове гаворыць моладзь, застаецца адкрытым.
Але вернемся да кампаніі былых аднакурснікаў, што сабралася за блінцамі. Уволю пакрытыкаваўшы брэтонскае навамоўе, прысутныя прыйшлі да высновы: хочам мы таго ці не, менавіта за такой брэтонскай будучыня. І як бы яна ні абражала наш слых, з ёй трэба змірыцца. Лепей кульгаць, чым ляжаць у труне.
*****
Ганна Мурадава, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Расійскай акадэміі навук. «Троицкий вариант» №1(170), 13 студзеня 2015 года