Аляксей Кузьміч спрабаваў пералезці праз плот рэзідэнцыі Макрона. Беларускага мастака затрымалі
Трох асоб затрымалі ў Парыжы пры спробе трапіць на тэрыторыю прэзідэнцкага палаца, піша французская прэса. «Свабода» даведалася, што адным з іх быў беларускі мастак і перформер Аляксей Кузьміч.
Што піша французская прэса
1 красавіка пасярод дня мужчына спрабаваў патрапіць у двор прэзідэнцкага палаца, размешчанага ў доме №55 на вуліцы Фабур-Сэнт-Анарэ ў 8-й акрузе Парыжа паведамляе «Le Figaro» са спасылкай на надзейныя крыніцы.
Падчас спробы ўзлезці на высокі плот вакол рэзідэнцыі прэзідэнта рэспублікі Эманюэля Макрона і яго жонкі Брыжыт мужчына меў з сабой бутэльку з вадкасцю і кавалак тканіны, папярэдне падпалены, паведамляе судовая крыніца выдання.
Згаданага чалавека суправаджала пара, якая рабіла фота і відэа з месца здарэння. Трое былі ўзятыя пад варту за «наўмысны гвалт са зброяй», дадае тая самая крыніца. Расследаваннем займаецца крымінальная брыгада паліцыі. Яна павінна вызначыць, ці бутэлька з запальнай вадкасцю была кінутая, або чалавек проста яе выпусціў.
Следчым таксама давядзецца выявіць матывы парушальнікаў. Паводле крыніцы ў паліцыі, вадкасць у бутэльцы не была небяспечнай, і мужчына ва ўзросце каля трыццаці гадоў сцвярджаў у сваё апраўданне, што ён як мастак і не жадаў учыняць гвалтоўнага акту.
Ліст да Макрона
Асобай, якая спрабавала трапіць у палац, быў беларускі мастак Аляксей Кузьміч, які пакінуў Беларусь пасля жнівеньскіх падзей і неаднаразова пісаў, што знаходзіцца ў Парыжы.
Пра тое, што затрымалі менавіта Кузьміча, «Свабодзе» пацвердзілі з яго профілю ў Facebook.
У чацвер, яшчэ да інцыдэнту, на старонцы мастака з’явіўся адкрыты ліст да прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Месцам лакацыі допісу быў Елісейскі палац. У лісце Кузьміч мастацкімі вобразамі крытыкуе негвалтоўны супраціў і згадвае «кактэйль Молатава».
Вобраз «кактэйля Молатава» з’яўляецца і ў відэароліку, які ён размясціў у Фэйсбуку ў той жа дзень. Елісейскі палац зноў быў пазначаны месцам лакацыі.
Хто такі Аляксей Кузьміч
Аляксей Кузьміч — беларускі мастак і перфомер.
9 жніўня 2020 года Аляксей Кузьміч выйшаў з кабінкі для галасавання на выбарчым участку ў мінскай школе №44 у набедранай павязцы, на грудзях прымацаваўшы бюлетэнь з намаляваным фалічным сімвалам. У такім жа выглядзе Кузьміч выйшаў уначы ў Мінск і стаў перад калонай тэхнікі. Перад правядзеннем акцыі, якая называлася «Веру», Кузьміч паведаміў у пісьмовым выглядзе яе сэнс. Паводле мастака, у Беларусі адсутнічае выбар. Выбары «з’яўляюцца цырымоніяй эксцэнтрычнага фарсу, якая складаецца з перасячэння сучаснага выгляду рэлігійнага культу і (...) паводзін прыматаў».
На наступны дзень яго затрымалі і жорстка збілі. 4 дні ён правёў у ізалятары на Акрэсціна.
У 2019 годзе Кузьміч правёў акцыю супраць цэнзуры «Шчыт, альбо Міністэрства фалакультуры» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».
У верасні 2020 года ён з’ехаў з Беларусі ва Украіну.