Хронікі распаду імперыі: Паўднёвы Каўказ

Бура, якая збіралася па-над Паўднёвым Каўказам, грымнула кароткачасовай навальніцай. Яшчэ больш кароткачасовай, чым вайна, якая адбылася тры гады таму. Тая вайна доўжылася 44 дні і прывяла да значных страт пазіцый Арменіі ў пытаннях Нагорнага Карабаха. 

Фота: Marut Vanyan/UGC/AFP

Фота: Marut Vanyan/UGC/AFP

Цяперашні канфлікт ішоў усяго два дні і фактычна меў форму аперацыі азербайджанскіх войскаў па прымусе армянскіх сепаратыстаў скласці зброю. Што характэрна, і пачатак, і завяршэнне гэтага канфлікту значная частка беларускіх назіральнікаў звязалі з дзейнасцю Расіі, па старой звычцы разглядаючы гэтую краіну альфай і амегай усяго, што адбываецца ў тым рэгіёне.

Гэта, заўважым, меркаванне, якога прытрымліваюцца не толькі эксперты беларускія. Тры гады таму, у верасні 2020-га, калі ўсе мы былі заняты падзеямі ў нашай краіне і тое, што адбывалася навокал, нас мала цікавіла (як, уласна, і заўжды — у чым наша вялікая праблема), давялося пабачыць рэч знакавую для ўсяго постсавецкага рэгіёна. На адным з ютуб-каналаў ішло абмеркаванне сітуацыі вакол Нагорнага Карабаха. Тады ў адносінах паміж Арменіяй і Азербайджанам назіраўся рэзкі рост напружання, што наводзіла на думкі пра пагрозу вайны паміж гэтымі дзяржавамі. З гэтай нагоды адзін з экспертаў, што ўдзельнічаў у абмеркаванні, катэгарычна запярэчыў супраць такой магчымасці развіцця падзей. Аргумент быў «жалезны»: вайны не будзе, бо яе не дапусціць Расія.

Глядзіце таксама

«Гарант міру і стабільнасці»

Расія, сапраўды, ад моманту распаду СССР лічылася гарантам захавання міру і стабільнасці на абшарах былой савецкай імперыі. Краіны Захаду вельмі страшыліся ўтварэння хаосу і анархіі, вынікам якога магла б быць поўная страта хоць нейкага кантролю над гіганцкімі запасамі ядзернай зброі з наступным авалодваннем ёй разнастайнымі радыкальнымі тэрарыстычнымі групоўкамі.

Непакоіла і перспектыва «балканізацыі» постсавецкай тэрыторыі, вынікам чаго магла быць працяглая вайна «ўсіх супраць усіх». Падставы для такой занепакоенасці сілкаваліся шматлікімі міжэтнічнымі канфліктамі, якія ўзнікалі (ці аднаўляліся) яшчэ ў апошнія гады існавання СССР, а ў пачатку 90-х набылі заўважныя маштабы. Нікому на Захадзе не хацелася, у дадатак да тых жа блізкаўсходніх праблем, «разрульваць» яшчэ і канфлікты ў Цэнтральнай Азіі і на Каўказе. Таму ў «новай» Расіі вельмі хацелася бачыць тую сілу, якая не дасць ажыццявіцца падобнаму сцэнару.

Акрамя таго, Расіі, з ейнай тагачаснай дэманстрацыяй прыязнасці дэмакратыі, свабодзе і абароне правоў чалавека, адводзілася і роля «дэмакратызатара» ўсіх гэтых «местачковых царкоў», якія ўзначалілі новыя незалежныя краіны і для Захаду былі, бадай, не на шмат больш знаёмымі і зразумелымі, чым правадыры афрыканскіх плямёнаў часоў «сваркі за Афрыку». Захад быў цалкам задаволены, што да яго далучыліся краіны Цэнтральнай Еўропы і Балтыі, якія раней уваходзілі ў савецкі блок і непасрэдна ў склад СССР. Астанія аскепкі Саюза аддаваліся Расіі пад кантроль і для  падтрыманне парадку.

І тая, падавалася б, давала рады гэтай задачы. Чыму спрыяў і той факт, што шматлікае чынавенства, на плечы якога звалілася кіраўніцтва цяпер ужо незалежнымі дзяржавамі, было вынікам савецкага кар’ернага адбору, і яно, падобна кіплінгаўскім бандэрлогам, лавіла кожнае слова, якое гучала з Масквы. А там, дзе да ўлады прыходзілі незалежныя ад расійскага кіраўніцтва сілы (ці ўзнікала пагроза іх прыходу), пачыналася ўнутраная замутня, якая вырашалася пры непасрэдным умяшальніцтве Масквы пад акампанемент аповедаў пра пагрозу якога-небудзь радыкальнага ісламу, на шляху якога мурам каменным паўстае новая дэмакратычная Расія. Захад, дадаткова напалоханы хантынгтонаўскімі перспектывамі «сутыкнення цывілізацый», скрозь пальцы глядзеў на гэта ўсё.

Нягучная, але тым не менш досыць відавочная дапамога Расіі армянскаму боку ( у прыватнасці — перадача баявых самалётаў) дазволіла апошняму атрымаць перамогу ў першай карабахскай вайне (1992-1994). У выніку Азербайджан страціў кантроль больш чым над 13% сваёй тэрыторыі, якой цяпер фактычна валодалі армяне. З асноўнай тэрыторыяй Арменіі яе злучаў Лачынскі калідор, які ішоў па тэрыторыі Азербайджана і кантраляваўся, зноўку, армянамі.

Глядзіце таксама

Але свайго патэнцыялу, каб доўгі час утрымліваць гэта вось усё, не было. Затое была Расія, якая ахвотна дапамагала Арменіі ў гэтай справе. Наўзамен, канечне, патрабуючы значныя кавалкі палітычнага і эканамічнага суверэнітэту, у тым ліку — праз усталяванне расійскага кантролю над цэлымі галінамі армянскай эканомікі (энергетычнай, у прыватнасці) і далучэнне да ініцыяваных Расіяй палітычных, эканамічных і вайсковых аб’яднанняў, кшталту ЕАЭС і АДКБ. За гэта Расія абяцала сваё безумоўнае заступніцтва ў выпадку знешніх пагроз, што мусіла гарантаваць і 102-я вайсковая база Узброеных сіл Расіі, дыслацыраваная на тэрыторыі Арменіі. 

Ну якая, далібог, вайна, з такімі гарантыямі? Ды і ў Азербайджане ў ходзе вайны тагачасны прэзідэнт краіны Абульфаз Эльчыбей — антысавецкі дысідэнт і прыхільнік панцюркізму, які арыентаваўся ў сваёй знешняй палітыцы на Турэччыну, быў заменены праз вайсковы мяцеж на прарасійскага Гейдара Аліева. Таму там таксама ўплыў Расіі, падавалася б, адыгрываў «на руку» Арменіі. Самой жа Расіі, зразумела, было выгадным захоўваць «статус-кво», каб мець свой уплыў на абедзве краіны.

«Стоп-кран» для гісторыі

Аб чым могуць сумаваць імперыі, якія знаходзяцца на піку свайго развіцця, дык гэта аб тым, што гісторыя не забяспечана сваім «стоп-кранам». Сарваць бы яго ў пэўны момант, каб свет навокал застыў у тым моманце, калі ты — самы вялікі і самы страшны. Але няма ў гісторыі такога «стоп-крана». І любую сітуацыю трэба разглядаць не ў статыцы, а ў дынаміцы. 

Усё было б цудоўна, каб сітуацыя «на» і «вакол» Паўднёвага Каўказа замарозілася б навечна. І Расія б трыумфавала па-над сваімі моцна пасваранымі паміж сабой васаламі. Але пакуль Расія, ашалелая ад свежай плыні нафтадаляраў, імкнулася пашырыць і паглыбіць старыя канфлікты (як тое адбылося ў Грузіі ў 2008-м), каб «гарантаваць» сабе і надалей ролю «гаранта», пачалі выспяваць новыя актары, у якіх з’явіліся свае інтарэсы ў рэгіёне. 

Турэччына — традыцыйная сіла на Каўказе і супернік Расіі — з другой паловы 2010-х пачала недвухсэнсоўна дэманстраваць свае прэтэнзіі на ролю рэгіянальнага лідара. Акрамя таго, Паўднёвы Каўказ сваімі транспартнымі перспектывамі прыцягнуў увагу Кітая, які вырашыў упісаць яго ў ініцыятыву «Пояс-Шлях» у выглядзе Сярэдняга калідора.

Як гаворыцца ў адным старым гістарычным анекдоце пра двух палітыкаў, якія сутыкнуліся на лесвіцы: 

— Якія навіны? 

— Аніякіх, акрамя таго, што я іду ўніз, а Вы — ўверх.

Пакуль уверх ішлі Турэччына і Кітай, Расія кацілася ўніз. Затое як прыгожа распавядала яна пра свае поспехі! Варта, канечне, аддаць ёй належнае: рэжым Асада ў Сірыі захаваўся, перш за ўсё, праз ейныя высілкі. Ды й у Афрыцы яна атрымала пэўныя пазіцыі. Але ў выніку ўсё гэта пайшло ёй у пасіў, у першую чаргу — у выглядзе іміджавых страт.

Канечне, наймацнейшы ўдар па расійскім іміджы нанесла поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны, дзе замест пераможнага паходу на Кіеў атрымаўся паход рускага ваеннага карабля па вядомым адрасе. Шмат хто цяпер менавіта з гэтымі акалічнасцямі знітоўвае падзеі на Каўказе. Маўляў, Расія цяпер аслаблена, таму Азербайджан і скарыстаўся гэтай магчымасцю.

Але просты погляд на найноўшую гісторыю паўднёвакаўказскага канфлікту дазваляе казаць, што гэта не так. Пераход Азербайджана ў наступ на пазіцыі Арменіі (і, адпаведна, Расіі) пачаўся, як памятаем, увосень 2020-га, калі пра поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны яшчэ гаворка не ішла. Думаю, турэцкае кіраўніцтва, праз аналіз паводзін Расіі ў той жа Сірыі, здолела зрабіць выснову пра «глыбінную слабасць» гэтай некалі вялікай дзяржавы. 

Глядзіце таксама

І ў сваім аналізе яно не падманулася. Рэакцыя Расіі на пераможны наступ азербайджанскіх войскаў на пазіцыі армянскіх сепаратыстаў была далёкая ад рэакцыі таго, хто называў Арменію «адзіным афіцыйным вайскова-палітычным і эканамічным саюзнікам на Каўказе» (цытата з сайта расійскага палітыка Канстанціна Затуліна, 2019 год). У той час склалася ўражанне, што Расію проста паставілі перад фактам, і яна анічога не здолела проціпаставіць. Не дапамог ёй нават удзел у баявых дзеяннях наймітаў з ПВК «Вагнер» на армянскім баку (па сведчаннях, «вагнераўцы» ваявалі ў якасці аператараў супрацьтанкавых кіраваных ракет). Адзінае што, ёй дазволілі «захаваць твар» праз удзел у перамовах і ўтварэнне расійскага «міратворчага кантынгенту» на тэрыторыі, якая яшчэ заставалася пад кантролем армянскіх сіл.

Праўда, «захаванне твару» атрымалася такое сабе. У функцыі міратворцаў увайшоў і кантроль над Лачынскім калідорам — адзінай артэрыі, якая аб’ядноўвала Нагорных Карабах з Арменіяй. Менавіта гэты калідор азербайджанцы і заблакіравалі ў канцы 2022-га, каб прымусіць сепаратыстаў Нагорнага Карабаха канчаткова капітуляваць перад Баку. Ну а чаго вартыя былі гарантыі, якія даваліся Арменіі, можна прыгадаць па прапановах «самім вырашаць свае праблемы», якія прагучалі ў адрас армянскага лідара з боку ягоных калег па АДКБ.

Глядзіце таксама

У пошуках новых саюзнікаў

У такой сітуацыі нядзіўна, што апошнія месяцы Арменія знаходзілася ў ліхаманкавым пошуку новых гарантаў і заступнікаў. Былі нават спробы збліжэння з Іранам, што магло канчаткова кінуць Арменію ў кампанію «кепскіх хлопцаў». Але, падобна, армянскае кіраўніцтва вырашыла ісці па падтрымку да краін больш рэспектабельных, заможных і здольных прапанаваць нешта канкрэтнае. Таму за апошнім часам візіты заходніх палітыкаў у Ерэван зрабіліся куды больш частымі, чым тое было яшчэ год таму.

І ў вайсковай сферы прыярытэты Арменіі, адпаведна, змяніліся. І вось замест удзелу ў вучэннях краін АДКБ на тэрыторыі Беларусі армяне праводзяць сумесныя вучэнні з войскамі НАТО на сваёй тэрыторыі. То-бок затулінскі «адзіны афіцыйны саюзнік» заклікае да сябе ў госці самага заклятага ворага! Як тут не прыгадаць знакамітае: «Пуцін зноўку ўсіх пераіграў!».

Што праўда, аперацыя азербайджанцаў у Карабаху — не самы лепшы фон для правядзення гэтых вучэнняў. Што і выклікала рэплікі з расійскага боку кшталту: «Ну што, дапамагло вам вашае НАТО?» Праблема Расіі, аднак, у тым, што і яна не дапамагла. І ўсе гэта заўважылі. Цяпер яна, канечне, будзе імкнуцца пераканаць усіх, што так і было задумана. Што яна працягвае заставацца гарантам стабільнасці на Каўказе, пры гэтым прасоўваючы ідэю, што ўсё, што адбываецца на Каўказе, па-ранейшаму адбываецца праз ейную волю. Вось і расійскія ваенкары ўжо пачалі пісаць, што, маўляў, «расійскія міратворцы спынілі баявыя дзеянні, прымусіўшы карабахскіх армян скласці зброю». Што толькі спраўджвае той факт, што Расія не ў стане абараніць свайго саюзніка ад сілавых дзеянняў з боку іншага былога чальца Саюза ССР.

Глядзіце таксама

Існуюць спробы і такіх тлумачэнняў, што цяперашнія падзеі — гэта помста Масквы Пашыняну за ягоны «заходні нахіл». І агучваюць гэтую версію не толькі ваенкары (хоць яны — таксама). Тым не менш, хоць Пашынян і прыйшоў да ўлады праз вулічныя пратэсты (чаго Масква цярпець не можа), але паводзіны пасля гэтага ён дэманстраваў цалкам прарасійскія. Іначай ён і не мог, бо Арменія, падвесіўшы сябе на кручок «адціснутай» у суседа тэрыторыі, не мела іншага выйсця. Калі ж Расія прадэманстравала, што ад яе жаданняў на Каўказе ўжо мала што залежыць, Пашынян і зрабіў свой палітычны разварот. 

Разварот яшчэ няпоўны, на паўабарота недзе, але галоўнае — траекторыя вызначана. І пакуль не бачна аніякіх інструментаў, пры дапамозе якіх Расія можа на яе паўплываць. Канечне, досыць пагрозліва прагучаў напамін Пяскова пра армянскую дыяспару ў Расіі. Дзе, па словах прэсавага сакратара расійскага прэзідэнта, «армян больш, чым у Арменіі» (насамрэч — не). У гэтым напаміне можа хавацца і пагроза ўзяць гэтых людзей у закладнікі, прымяніўшы супраць іх рэпрэсіі, падобныя на тыя, якія паспыталі ў свой час грузіны. Можа быць і намёк на тое, што дыяспара аказвае значную фінансавую падтрымку Арменіі. А гэта ў любы момант можа быць спынена расійскім кіраўніцтвам. 

Глядзіце таксама

У той жа час розныя падзеі, у першую чаргу — мяцеж Прыгожына, прадэманстравалі, што расійская ўлада цяпер знаходзіцца ў такім стане, што яшчэ цяжка казаць, хто каго возьме ў закладнікі. Судзячы па ўсім, дыяспары (і не толькі армянская) у Расіі цяпер валодаюць значнымі рэсурсамі, і тыя з расійскіх актуальных ці патэнцыйных актараў, хто пажадае кінуць выклік дзеючай расійскай уладзе, цалкам могуць пабачыць у дыяспарах сваіх саюзнікаў. Таму сварыцца з імі не трэба аніводнай з «крамлёўскіх веж».

Дыяспара, у рэчаіснасці, ёсць вялікі рэсурс Арменіі. Яна заўжды актыўна і досыць паспяхова адстойвала інтарэсы сваёй радзімы па розных пытаннях. У тым ліку — па карабахскім. І калі Арменія пачала ў сваёй знешняй палітыцы схіляцца да Захаду, дык дыяспара зрабіла ўсё, каб заходнія краіны сустрэлі яе, як старога сябра. Што, між іншым, напружыла і Азербайджан, і Турэччыну. Калі раней у адносінах паміж Баку і Вашынгтонам усё было цудоўна, дык цяпер нельга не адзначыць рост напружанасці паміж імі. Думаю, рашэнне нанесці ваенны ўдар па сепаратыстах менавіта цяпер было не ў апошнюю чаргу знітавана з занепакоенасцю азербайджанскага кіраўніцтва ўзмацненнем сувязяў паміж Арменіяй і Захадам.

Каўказскія калідоры больш не вядуць у Расію

Варта таксама адзначыць, што канфлікт на Паўднёвым Каўказе яшчэ далёкі ад свайго завяршэння. Калі з адным з калідораў — Лачынскім — усё больш-менш зразумела (як і з лёсам Нагорнага Карабаха, які застанецца азербайджанскім), дык будучыня іншага калідора — Зангезурскага — яшчэ чакае свайго вырашэння.

Год таму я пісаў, якую ролю адыгрывае гэты калідор у лёсе рэгіёна і чым ён так прыцягвае такіх гульцоў, як Кітай і Турэччыну. Зангезурскі калідор мусіць прайсці па тэрыторыі Арменіі і звязаць Азербайджан з ягоным эксклавам — Нахічэванню. Якая, у сваю чаргу, мае непасрэдную мяжу з Турэччынай. Тавары з Усходу на Захад будуць, па меркаванні прапанентаў гэтага праекта, праносіцца па ім са свістам, прыносячы выгаду ўсім. 

Іншая справа, што Арменія ў гэтай гісторыі адчувае, што ёй адведзена роля ахвяры. Зангезурскі калідор перарэжа ейную тэрыторыю, і кантраляваць яго ёй не дазволяць. Таму, насуперак пагадненням, дасягнутым па выніках 44-дзённай вайны 2020-га, яна не спяшалася будаваць неабходную для транспартнага калідора інфраструктуру. Што і выклікала гнеў Баку, які разглядаў яе пазіцыю як парушэнне дамоўленасцей. І пагроз прымянення вайсковай сілы гучыць вакол Зангезурскага калідора не меней, чым гучала пагроз вакол калідора Лачынскага.

Глядзіце таксама

Вось тут дапамога Захаду будзе Арменіі вельмі дарэчнай. У адрозненне ад карабахскай праблемы, дзе Арменія парушала нормы міжнароднага права, тут яна будзе ўжо ў статусе ахвяры. І Захад будзе мець поўную магчымасць дапамагчы свайму новаму саюзніку, асабліва пад ціскам з боку армянскай дыяспары. І гэта будзе вельмі эфектыўная дапамога, бо адна справа — пінаць слабую Расію, і зусім іншая справа — уцягвацца ў процістаянне з Заходнім светам, чаго ні Анкара, ні Бэйдзін, ні, тым болей, Баку зусім не жадаюць. Так што калі і будзе некаторая эскалацыя на фоне ваяўнічых заяў, наўрад яна набудзе формы гарачага канфлікту. 

Як бы тое ні было, падзеі апошніх дзён адыгралі, думаю, станоўчую ролю ў далейшым лёсе Арменіі. Яны дазволілі ёй, урэшце, злезці з таго расійскага кручка, на які яна сама начапілася, паспрабаваўшы адваяваць Нагорны Карабах. Так, у эмацыйным плане гэта для іх цяжкі ўдар. Але гэта, з іншага боку, дазваляе ім пазбавіцца залежнасці ад Расіі. І атрымаць сапраўдную незалежнасць. Таму існуе нейкі сімвалізм у тым, што гэта адбылося напярэдадні Дня незалежнасці Арменіі, які адзначаецца 21 верасня.

Працэс набыцця сапраўднай незалежнасці, канечне, можа быць доўгім (улічваючы высокую ступень прысутнасці розных расійскіх інстытутаў у Арменіі). Расія будзе шукаць любую магчымасць ускладніць Арменіі жыццё (у першую чаргу — яе кіраўніцтву). З іншага боку, усё можа ў значнай ступені паскорыцца тымі працэсамі, якія ідуць навідавоку ці ў прыхаваным стане ў самой Расіі. І якія падпарадкоўваюцца логіцы распаду любой імперыі. 

Гэта дае спадзяванне на тое, што сваё вырашэнне знойдзе не толькі паўднёвакаўказскі канфлікт, але ўсе тыя канфлікты — ад Цэнтральнай Азіі да Малдовы, праз якія імперыя марыла падзяляць сваіх былых васалаў і ўладарыць над імі. І, канечне, ва ўсім гэтым заключаны ўрок: не вядзіцеся на спакусы кшталту «вяртання ісконных тэрыторый» і «аднаўлення гістарычнай справядлівасці». Бо гэта грае толькі на карысць імперыям.