Грузінскі спецназ разагнаў стыхійны мітынг у Батумі

Сілы спецыяльнага прызначэння Грузіі вызвалілі тэрыторыю каля будынка ўпраўлення паліцыі Батумі ад пратэстуючых, якія на працягу некалькіх гадзін ладзілі пагромы ў сталіцы Аджарыі ў ноч на нядзелю.

_95118882_7539487c_3d4d_401d_809b_fe6c0a5932f7.jpg

Па дадзеных уладаў, у ходзе беспарадкаў пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек.
Падчас аперацыі па разгоне натоўпу паліцыя затрымала каля 40 чалавек. Міністр унутраных спраў Грузіі Георгій Мгебрышвілі удакладніў, што ўсе яны затрыманыя ў адміністрацыйным парадку, аднак праводзіцца крымінальнае расследаванне і частка асоб патрапіць пад крымінальную адказнасць.
«Усе асобы, якія прымалі ўдзел і былі арганізатарамі гэтага вандальнага акта, будуць пакараныя з усёй строгасцю закона», — заявіў міністр.
На яго думку, паліцыя ўжыла адэкватную і прапарцыйную сілу.

_95118311_batumi1.jpg

Як паведамляюць відавочцы, да раніцы ля будынка ўпраўлення паліцыі не засталося пратэстуючых, муніцыпальныя службы расчышчаюць прылеглыя вуліцы ад смецця, прыбіраюць пашкоджаныя падчас беспарадкаў аўтамабілі.
Міністр аховы здароўя і сацыяльнай абароны Аджарскай аўтаномнай рэспублікі Заала Мікеладзэ пацвердзіў, што 33 чалавекі былі прывезены ў клінікі, з іх 15 былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
У іх, па словах міністра, у асноўным дыягнаставаны ўдары ад трапленняў камянямі, якімі жыхары, што сабраліся на стыхійны мітынг, кідаліся ў паліцыю. У астатніх выяўлены сімптомы, выкліканыя слёзатачывым газам.
«Усе яны былі выпісаныя, толькі адзін пацыент застаецца пад стацыянарным наглядам, верагодна, з дыягназам страсенне мозгу», — заявіў Мікеладзэ.
Пратэсты ў Батумі пачаліся ў суботу ўвечары пасля інцыдэнту з-за выпісанага супрацоўнікам патрульнай паліцыі штрафу, сума якога выклікала абурэнне кіроўцы. Пасля сваркі з паліцыяй яго затрымалі.
Аднак да месца здарэння ўжо паспелі сцягнуцца мясцовыя жыхары, якія актыўна падтрымлівалі кіроўцу і абураліся тым, што паліцыя ў апошні час жорстка і беспадстаўна штрафуе грамадзян.
У выніку пачалася бойка пратэстуючых з паліцыяй, і за аказанне супраціву былі затрыманыя шэсць чалавек.

_95118313_batumi2.jpg

Пазней ўлады заявілі, што ўсе затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэнні шэсць чалавек вызваленыя, аднак гэта не разрадзіла абстаноўку.
Паралельна пачаліся хваляванні ля будынка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Аджарыі, сабраліся каля тысячы пратэстуючых.
Беспарадкі працягваліся на працягу некалькіх гадзін. Пратэстоўцы кідалі розныя прадметы ў напрамку ўпраўлення паліцыі, пашкодзілі некалькі машын і падпальвалі дрэвы.
Па словах мэра Батумі Георгія Ермакова, пашкоджаны тратуары, светлафоры і да пяці аўтамабіляў.
Паводле bbc.com