Ірак: забіты былы паплечнік Садама Хусейна, военачальнік "Ісламскай Дзяржавы"
У Іраку, магчыма, загінуў адзін з лідараў баявікоў-ісламістаў Ізат Ібрахім Дуры, які ў свой час лічыўся правай рукой былога прэзідэнта краіны Садама Хусейна
Паводле афіцыйных паведамленняў, ён быў забіты ў баі з урадавымі войскамі ў правінцыі Салах-эд-Дзін, размешчанай на поўнач ад Багдаду.
Тэлеканал "Аль-Арабія" паказаў фатаграфію, на якой быў, як мяркуецца, адлюстраваны забіты Ізат Ібрахім Дуры.
Аднак, як паведамляе агенцтва Рэйтар, прадстаўнік былой кіруючай партыі "Баас" заявіў, што гэтыя паведамленні не адпавядаюць рэчаіснасці.
Пра смерць або арышт Дуры абвяшчалася ўжо не раз, тым не менш, цяперашняе паведамленне пакуль што выклікае найбольшы давер у прадстаўнікоў прэсы.
Кароль трэф
У апошні час 72-гадовы Дуры узначальваў суфійскае братэрства "Накшбандзія" — ключавую сілу, што спрыяла ўздыму джыхадзісцкай групоўкі "Ісламская Дзяржава".
У гады праўлення Садама Хусейна Ізат Ібрахім Дуры быў яго намеснікам на пасадзе старшыні Савета рэвалюцыйнага камандавання (1979–2003) і сакратара партыі "Баас" (1991–2003).
Дуры разглядаўся ў якасці магчымага пераемніка Садама Хусейна. Аднак іракскі дыктатар быў скінуты брытанскімі і амерыканскімі войскамі ў 2003 годзе і праз тры гады пакараны смерцю па прысудзе
іракскага суда.
Іракскія ўрадавыя войскі захапілі Цікрыт два тыдні таму
Ізат Ібрахім Дуры лічыўся самым высокапастаўленым членам "Баас", які здолеў пасля звяржэння дыктатара пазбегнуць арышту. За яго была прызначаная ўзнагарода ў 10 мільёнаў долараў.
У знакамітай картачнай калодзе з выявай членаў іракскага кіраўніцтва, якія знаходзіліся ў вышуку, выпушчанай амерыканцамі, ён быў намаляваны ў выглядзе трэфовага караля.
Арганізатар наступу
Лічыцца, што пасля арышту Садама Ізат Ібрахім Дуры кіраваў дзейнасцю іракскіх антыўрадавых фарміраванняў, а ў мінулым годзе адыграў ключавую ролю ў арганізацыі наступальных аперацый "Ісламскай дзяржавы".
Раед Джабуры, губернатар правінцыі Салах-эд-Дзін, заявіў, што Дуры быў забіты ў ходзе аперацыі, праведзенай ваеннымі пры падтрымцы шыіцкіх апалчэнцаў у раёне на ўсход ад Цікрыту.
Гэты горад быў адбіты ў ісламістаў два тыдні таму.
Іракскія войскі пры падтрымцы авіяцыі міжнароднай кааліцыі авалодалі значнымі тэрыторыямі, якія ў апошнія месяцы кантралявалі атрады "Ісламскай дзяржавы" і якія падтрымліваюць яе групоўкі.
Атрады джыхадзістаў па-ранейшаму кантралююць вялікія тэрыторыі на поўначы і захадзе Ірака, у тым ліку і другі па велічыні горада краіны Масул.