Іран. Смерць фанаткі

Іранская зборная па футболе 10 кастрычніка павінна гуляць у Тэгеране вельмі важны матч з Камбоджай у рамках кваліфікацыі на Кубак свету.

9fecb3.jpg


Між тым, будучы матч пачынае набываць усё больш скандальны характар. Усё праз смерць Сахар Хадаяры — 29-гадовай аматаркі футбола, якую раней затрымалі за спробу пад відам хлопчыка прайсці на стадыён.
Паколькі ў Іране кабетам забаронена наведваць футбольныя матчы з удзелам мужчынаў, затрыманую прыцягнулі да адказнасці і ў выніку асудзілі на 6 месяцаў турмы. Каб не ісці ў зняволенне, Хадаяры падпаліла сябе і памерла праз тыдзень ад апёкаў.
Драма маладой жанчыны выклікала сапраўдны шок не толькі ў Іране, аднак і ў свеце. Сябры жаночых зборных розных краін атакуюць офіс FIFA, патрабуючы ліквідаваць «гендарны апартэід» на іранскіх стадыёнах. Сярод часткі іранцаў папулярная ідэя байкатаваць матч 10 кастрычніка. Іншыя патрабуюць назваць галоўны стадыён у гонар нябожчыцы.
Што тычыцца іранскіх уладаў, яны назвалі смерць фанаткі «горкім інцыдэнтам». Акрамя таго, у блізкай да ўраду прэсе дапускаюць, што яна была не зусім псіхічна здаровая.
Паводле брытанскай прэсы