Яны пра нас. Беларусь на старонках замежнай прэсы
Прапануем вам падборку цытат з публікацый замежнай прэсы, якія тычацца сённяшніх палітычных працэсаў на Беларусі.
«На Вісле ўжо жывуць, вучацца, працуюць і займаюцца бізнесам мільёны ўкраінцаў і дзясяткі тысяч беларусаў. Новыя ўкраінскія і беларускія эліты будуць свабодна размаўляць па-польску і адчуваць да нашай краіны цёплыя пачуцці, а таму ім захочацца ўмацаваць сувязі паміж сваёй радзімай і Варшавай. Польшча павінна будзе пайсці ім насустрач. Час Масквы проста падышоў да канца, пачаўся час Варшавы (…) Мы можам пачаць распаўсюджваць свае ўплывы на Беларусь і Украіну, сутыкаючыся з меншым супрацівам. Мы можам пайсці нават далей, чым 400 гадоў таму, і не толькі аднавіць Першую Рэч Паспалітую, але і аб'яднаць увесь рэгіён Міжмор'я».
«Gazeta Polska Codziennie» ( Польшча)
«Пытанняў да дзейючай Канстытуцыі ў беларусаў не так ужо і шмат. У іх хутчэй пытанні да таго, каб гэтая Канстытуцыя няўхільна выконвалася. Бо калі мы адкрыем, напрыклад, тую ж сталінскую Канстытуцыю, там жа і свабода слова, і свабода сходаў. А толку?»
«Правда. Ру» (Расія)
«Рашучасць палякаў не прапускаць мігрантаў аказалася занадта цвёрдай, і ў выніку Лукашэнка стаў прайграваць у вачах сусветнай грамадскай думкі, паколькі беларускія ўлады давалі візы, відаць, разумеючы, што гэтыя людзі едуць не глядзець беларускую прыгажосць, а хочуць накіравацца ў Еўропу праз Польшчу. На пазнейшых этапах Лукашэнку ўдалося зрабіць некалькі ўдалых палітычных крокаў, прымусіць, напрыклад, Ангелу Меркель пагаварыць з ім, распрацаваць нейкія сумесныя планы па вырашэнні гэтага крызісу. Відавочна, што ў мірным вырашэнні гэтага крызісу зацікаўлены і Уладзімір Пуцін, які мае пэўны ўплыў на Лукашэнку».
«Украіна.ру» (Расія)
«Абвінавачанні беларускіх судовых органаў супраць Сяргея Ціханоўскага такія ж ілжывыя, як і афіцыйны вынік прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, паводле якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80 адсоткаў галасоў. "Парушэнне грамадскага парадку", у якім, апроч іншага, абвінавачваецца Ціханоўскі, заключаецца выключна ў тым, што ён выкарыстоўваў асноўныя дэмакратычныя правы. Злачынства, за якое ён быў прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі, — гэта спроба балатавацца ў прэзідэнты. Без юрыдычнага пераасэнсавання таго, што адбылося ў Беларусі за апошнія месяцы і гады, краіна не зможа рухацца наперад».
«Frankfurter Allgemeine Zeitung» (Германія)
«Беларускі прэзідэнт знаходзіцца ў памежным стане, праводзячы ў краіне "палітыку афекту", выплюхваючы вонкі ўласны эмацыянальны стан. Гэта небяспека не толькі для ворагаў Беларусі, але і партнёраў. У РФ могуць дапусціць памылку з-за таго, што проста не бачаць сапраўднай сітуацыі за "астралам Лукашэнкі"».
«Эхо Москвы» ( Расія)
«У нас з Беларуссю складаныя адносіны: мы нейкія санкцыі ўводзім, авіяпералёты туды спынілі. Гэта значыць, мы і там таксама прымудрыліся з усімі пасварыцца. То-бок, мы дакаціліся да таго, што цяпер Лукашэнка вырашае, будуць ва Украіне веерныя адключэнні ці не будуць».
«Ukrlife» (Україна)
«Уплыў гэтых санкцый пакуль складана ацаніць. "Мы чакаем, што яны дадуць найбольш значны эфект у сярэднетэрміновай перспектыве, пачынаючы з другой паловы 2022 года", — прызнаецца еўрапейская дыпламатычная крыніца. Аднак іх дзеянне трэба абмяжоўваць. "Мэта не ў тым, каб яны былі занадта эфектыўнымі", — папярэджвае тая ж крыніца. Санкцыі закліканы не разбурыць эканоміку краіны, а паказаць, што мы не згодныя з рашэннямі рэжыму. Еўрапейцы аддаюць перавагу "паступоваму" падыходу, каб дазволіць Мінску адказаць на іх патрабаванні».
«Le Monde» ( Францыя)