Камандуючы сіламі ЗША ў Афганістане: вывад замежных войскаў пачаўся
Камандуючы замежнымі войскамі ў Афганістане генерал арміі ЗША Скот Мілер заявіў у нядзелю, што ўпарадкаваны вывад замежных войскаў і перадача ваенных баз і абсталявання афганскім сілам пачаліся.
Мілер заявіў, што ён дзейнічае згодна з загадам, заснаваным на рашэнні прэзідэнта ЗША Джо Байдэна спыніць самую доўгую вайну ў гісторыі Амерыкі. Прэзідэнт прыйшоў да высновы, што вайна ў Афганістане больш не адпавядае амерыканскім прыярытэтам, паведамляе Радыё Свабода.
Раней у гэтым месяцы Байдэн заявіў, што выведзе войскі з Афганістану да 11 верасня — 20-й гадавіны нападаў баевікоў на Сусьветны гандлёвы цэнтр і Пентагон, якія паклалі пачатак вайне ў Афганістане.
Мілер, які камандуе сіламі ЗША і місіяй NATO ў Афганістане з 2018 году, заявіў, што замежныя сілы будуць валодаць «ваеннымі сродкамі і магчымасцямі, каб цалкам абараняць сябе падчас вяртання дадому і будуць падтрымліваць афганскія сілы бяспекі».
«У мяне была магчымасць пагаварыць з членамі Талібану з Палітычнай камісіі Талібану, і я заявіў ім, што вяртанне да гвалту, спроба навязаць ваеннае рашэнне, будзе трагедыяй для Афганістану і афганскага народу», — заявіў Мілер журналістам у Кабуле.
Талібан кіраваў Афганістанам з 1996 па 2001 год, калі ён быў адхілены ад улады сіламі на чале з ЗША. З тых часоў яны вялі паўстанцкую дзейнасць і цяпер кантралююць вялікія тэрыторыі.
Эксперты ў галіне бяспекі нядаўна выказвалі сумневы, што Талібан дазволіць амерыканскім войскам мірна пакінуць краіну.
У адпаведнасці з пагадненнем, заключаным з Талібанам у 2020 годзе, вывад замежных войскаў меўся пачацца 1 траўня.
«Па меры таго, як мы будзем зводзіць да нуля амерыканскія сілы, мы перадамо вайсковыя базы, галоўным чынам, міністэрству абароны Афганістана і іншым афганскім сілам», — сказаў Мілер, адзначыўшы, што Талібан узяў абавязанне разарваць адносіны з ісламісцкай экстрэмісцкай групоўкай «Аль-Каіда».
Падтрымка «Аль-Каіды» ўрадам Талібану стала асноўнай прычынай ўварванья ЗША ў Афганістан пасля тэрактаў у верасні 2001 году.
У дакладзе ААН, выпушчаным у студзені, сцвярджаецца, што ў Афганістане знаходзяцца да 500 баевікоў «Аль-Каіды» і што Талібан падтрымлівае цесныя адносіны з імі. Талібан адмаўляе прысутнасць «Аль-Каіды» ў Афганістане.