Канстытуцыйны суд Германіі не забараніў НДПГ

Вышэйшая судовая інстанцыя ФРГ адмовіла ў забароне Нацыянал-дэмакратычнай партыі Германіі.

36658082_303.jpg


Федэральны канстытуцыйны суд у аўторак, 17 студзеня, адхіліў пазоў аб забароне праварадыкальнай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Германіі (НДПГ). Хаця ідэалогія партыі супярэчыць каштоўнасцям канстытуцыі ФРГ, у НДПГ няма патэнцыялу для ліквідацыі дэмакратыі ў Германіі, заявіў старшыня КС Андрэас Фоскуле, калі агучваў пастанову суда. Паводле яго слоў, "няма пераканаўчых доказаў таго, што дзейнасць партыі можа прывесці яе да поспеху".
Хадайніцтва аб забароне праваэкстрэмісцкай партыі было пададзена Бундэсратам (прадстаўніцтвам нямецкіх федэральных зямель) пры падтрымцы Бундэстага ў 2013 годзе. Бундэсрат упершыню прапаноўваў забараніць НДПГ яшчэ ў 2003 годзе, аднак Федэральны канстытуцыйны суд адхіліў пазоў пасля таго, як стала вядома, што кіруючыя пазіцыі ў партыі займалі таемныя супрацоўнікі або інфарматары Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі.

Намер дамагчыся забароны НДПГ крытыкавалі ў Нямеччыне з розных бакоў, паколькі заканадаўства ставіць вельмі высокія перашкоды для гэтага. Акрамя таго, крытыкі паказваюць, што папулярнасць правых радыкалаў значна знізілася ў апошнія гады. Так, на рэгіянальных выбарах у 2016 годзе яны пазбавіліся мандатаў у апошнім зямельным парламенце — у Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі.
Паводле www.dw.com