Кіеў назваў Расію акупантам усходняй тэрыторыі Украіны
Празаходняй апазіцыі не падабалася, што ў дакуменце няма слова «вайна».
Кіеў упарадкаваў юрыдычны статус некантраляванай тэрыторыі на ўсходзе Украіны. У прынятым законе прама гаворыцца пра акупацыю — піша «Dziennik. Gazeta Prawna».
У законе ідзе гаворка пра Данбас. У прэамбуле напісана, што акупацыя пачалася з нападзення ўзброеных фармаванняў ды іншых вайсковых структур Расійскай Федэрацыі на тэрыторыю Украіны, а таксама арганізацыі і падтрымкі Расіяй тэрарыстычнай дзейнасці.
Кіеў не будзе прызнаваць дакументы, выдадзеныя ўладамі самаабвешчаных Луганскай і Данецкай Рэспублік, акрамя пасведчанняў аб нараджэнні і смерці. Такім чынам прызнаецца незаконнасць змены ўладальнікаў маёмасці, напрыклад, шахтаў. «Адказнасць за матэрыяльныя і маральныя шкоды, нанесеныя ўкраінскай дзяржаве, органам дзяржаўнай улады, муніцыпальным органам, фізічным ды юрыдычным асобам, нясе Расійская Федэрацыя».
Абмеркаванне законапраекту было гарачым. Падчас першага чытання ў кастрычніку мінулага году ў парламенце былі запушчаныя дымавыя шашкі. Агулам было ўнесена амаль сямсот паправак. Празаходняй апазіцыі не падабалася, што ў дакуменце няма слова «вайна». Дэпутат Аляксандр Брыгынец тлумачыў, што такога тэрміну няма ў юрыдычнай мове. Не былі прынятыя радыкальныя папраўкі, якія прадбачвалі ўвядзенне забароны гандлю з Расіяй або зрыў з ёй дыпламатычных адносін. Тым не менш, апазіцыя галасавала за праект, паколькі для яе самае важнае, што Расія была названая акупантам.