Кіраўнік Мінэнерга Украіны: «Мая задача – тэрмінова выйсці з аб’яднанай энергасістэмы Беларусі і Расеі»
Юры Вітрэнка, які часова выконвае абавязанні міністра энергетыкі Украіны, лічыць, што адлучэнне ўкраінскай энергетычнай сістэмы ад аб'яднанай энергетычнай сістэмы Беларусі і Расеі зʼяўляецца пытаннем нацыянальнай бяспекі Украіны.
«Нам патрэбна тэрмінова адлучацца ад абʼяднанай сістэмы Беларусі і Расеі і абʼядноўвацца з еўрапейскай. І гэта, якраз будзе адна з маіх галоўных задач, каб мы былі часткай Еўропы, часткай нармальнага рынку, на якім няма самаўпраўства манапалістаў, дзе ёсць нармальная і празрыстая цана. Гэта ў інтарэсах Украіны, нашай энергетычнай бяспекі, а энергетычная бяспека – гэта нацыянальная бяспека», – заявіў Юры Вітрэнка 22 студзеня ў эфіры тэлеканалу «Україна-24».
Юры Вітрэнка ачольвае Міністэрства энергетыкі Украіны са снежня 2020 году. Раней ён працаваў выканаўчым дырэктарам нацыянальнай акцыянернай кампаніі «Нафтогаз України», і ў гэтай якасці ён абараняў інтарэсы Ўкраіны ў Стакгольмскім судзе з расейскім «Газпромам». Украіна выйграла гэты судовы працэс.
У канцы снежня ўрадавая кааліцыя прапанавала ягоную кандыдатуру на пасаду міністра энергетыкі – віцэ-прэмʼер-міністра Украіны, але парламент не падтрымаў гэтага прызначэння. У выніку ўрад прызначыў яго часова выконваць абавязкі кіраўніка Міністэрства энергетыкі.
Украіна са студзеня аднавіла пастаўкі электраэнергіі з Беларусі ў вялікіх абʼёмах.
Упершыню на пачатку 2021 году бакі таксама надалі адзін аднаму аварыйную дапамагу – Украіна Беларусі 16 студзеня праз аварыйнае адключэнне блоку БелАЭС, а Беларусь Украіне – 18 студзеня ў сувязі з павелічэннем энергаспажывання, выкліканага моцнымі маразамі і адсутнасцю запасаў вугалю для вырабу дастатковай колькасці энергіі на ўласных вугальных цеплаэлектрастанцыях.
Беларусі ўпершыню давялося скарыстацца аварыйнай дапамогай Украіны праз адключэнне БелАЭСАднаўленне паставак электраэнергіі з Беларусі выклікала рэзкую крытыку з боку ўкраінскай апазіцыі, якая сцвярджае, што аднаўленне паставак электраэнергіі з Беларусі выцесніць з энергетычнага рынку Украіны вугаль, што прывядзе да закрыцця шахтаў, а таксама да скарачэння вытворчасці энергіі на ўкраінскіх АЭС, калапсу энергетычнай сістэмы, і, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязанні ў сінхранізацыі з еўрапейскай энергетычнай сістэмай.
Радыё Свабода