КНДР абвясціла аб стварэнні вадароднай бомбы

Дзяржаўнае інфармагенцтва Паўночнай Карэі паведаміла, што краіна распрацавала вадародную бомбу. Па дадзеных агенцтва ЦТАК, боегалоўку, гатовую да пагрузкі на міжкантынентальную ракету, агледзеў лідэр КНДР Кім Чэн Ын.

bomb.jpg

У паведамленні агенцтва гаворыцца, што магутнасць боегалоўкі можа дасягаць сотняў кілатон у трацілавым эквіваленце, а ўсе кампаненты для яе вытворчасці робяцца ў КНДР, што дазволіць краіне стварыць столькі ядзернай зброі, колькі яна захоча.
Многія заходнія эксперты скептычна паставіліся да публікацыі, паколькі не вераць, што КНДР сапраўды здолела авалодаць тэхналогіямі, неабходнымі для стварэння вадароднай бомбы. Тым не менш паведамленне ЦТАК ужо выклікала рэзкую рэакцыю на міжнародным узроўні.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў святле магчымага наяўнасці ў КНДР вадароднай бомбы хоча ў чарговы раз падкрэсліць важнасць супрацоўніцтва ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі ў пытанні ядзернага стрымлівання Пхеньяна.
Пры гэтым КНДР заяўляе аб стварэнні вадароднай бомбы ўжо не першы раз. Яшчэ ў 2016 годзе яна абвясціла аб яе паспяховым выпрабаванні — аднак і тады эксперты сумняваліся ў праўдзівасці гэтых заяў, адзначаючы, што для вадароднай бомбы магутнасць выбуху была занадта малая.

Ракеты і боегалоўкі

У ліпені КНДР правяла два запускі балістычных ракет, заявіўшы, што ЗША знаходзяцца ў межах іх дасяжнасці. Эксперты тым не менш кажуць, што большасць паўночнакарэйскіх ракет валодаюць вельмі нізкай дакладнасцю і не могуць трапіць у мэту.
ЗША і суседзі Паўночнай Карэі асудзілі выпрабаванні ракет КНДР, а гнеўная рыторыка паміж ЗША і КНДР узмацнілася. Трамп назваў апошні запуск неразумным і небяспечным учынкам паўночнакарэйскага рэжыму.
У жніўні амерыканскія СМІ паведамлялі, што КНДР, магчыма, ужо ўдалося распрацаваць ядзерную боегалоўку, прыдатную да ўсталёўкі на наяўныя ў яе балістычныя ракеты. Неўзабаве пасля гэтага Трамп прыгразіў КНДР «агнём і лютасцю» у выпадку, калі Пхеньян надумае пагражаць ЗША.
У адказ ЦТАК распаўсюдзіла паведамленне, у якім гаварылася, што Паўночная Карэя разглядае магчымасць ракетнага ўдару па ваенных базах ЗША на востраве Гуам ў заходняй частцы Ціхага акіяна.
Паводле BBC