Лазана: Іран за 10 гадоў прыпыніць дзве траціны магутнасцяў па ўзбагачэнні ўрана

Перамовы ў Лазане па ядзернай праграме Ірана завяршыліся заключэннем рамачнага пагаднення. Цяпер удзельнікаў чакае актыўная падрыхтоўка больш дэталёвага дагавора. Але палітыкі ўжо кажуць пра поспех.



iran_6.jpg

Сэнс пагаднення — ядзерная праграма Ірана скарачаецца на працягу 10 гадоў у абмен на паступовую адмену міжнародных санкцый, перадае bbc.co.uk . ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Расія і Кітай, якія вялі перамовы з Іранам, спадзяюцца, што цяпер стварэнне іранскай атамнай бомбы пад прыкрыццём грамадзянскай ядзернай праграмы стала немагчымым, а значыць, скончаны і 12-гадовы міжнародны крызіс.

Прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Федэрыка Магерыні назвала выпрацаваныя рашэнні асновай для дасягнення канчатковай дамоўленасці з Іранам.

Кіраўнік МЗС Ірана Махаманд Джавад Зарыф заявіў пра разрыў цыклу, які не адказваў нічыім інтарэсам і не адпавядаў інтарэсам нераспаўсюджвання. Іранскі міністр таксама выказаў надзею, што па завяршэнні працэсу адкрыюцца новыя гарызонты для дыялогу і руху наперад.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама таксама назваў Лазанскае пагадненне гістарычным, але выкананне прынятых Іранам абавязацельстваў будзе падлягаць дасканалай праверцы.

Міністр замежных спраў Брытаніі Філіп Хаманд назваў дамову Ірана і «шасцёркі» выдатнай асновай для стварэння фінальнага пагаднення, якое павінна быць падпісана да 30 чэрвеня.

krynica.info