Лідар КНДР аддаў загад войскам рыхтавацца да наступлення

У чацвер Паўночная і Паўднёвая Карэя абмяняліся артылерыйскім агнём. Пхеньян пагражае прымяніць сілу, калі Сеул не спыніць трансляцыі з крытыкай рэжыму КНДР у прымежнай зоне.



lidar_kndr_kim_cen_yn_r1_s.jpg

Лідар КНДР Кім Чэн Ын у асяроддзі ваенных

Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын загадаў прывесці войскі ў поўную баявую гатоўнасць для наступу. Кім Чэн Ын заявіў, што краіна знаходзіцца ў стане «паўвайна».

Рашэнне было прынята пасля пасяджэння Цэнтральнага ваеннага камітэта ЦК Працоўнай партыі Карэі, якое было склікана ў чацвер пасля абмену артылерыйскім агнём паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй.

У жніўні Паўднёвая Карэя аднавіла трансляванне паведамленняў з крытыкай паўночнакарэйскага рэжыму праз гучнагаварыцелі, устаноўленыя ўздоўж дэмілітарызаванай зоны на мяжы з КНДР. Пхеньян прыгразіў пачаць баявыя дзеянні і нанесці ўдары па гучнагаварыцелях.

17 жніўня Паўднёвая Карэя пачала ў раёне Карэйскага паўвострава штогадовыя сумесныя вучэнні з ЗША. Перад гэтым Пхеньян прыгразіў ЗША "невядомай свету зброяй».

У сераду войскі КНДР на мяжы выпусцілі снарад па тэрыторыі Паўднёвай Карэі. У адказ Паўднёвая Карэя таксама зрабіла артылерыйскі стрэл.

Сеул заявіў, што паўночнакарэйскія ваенныя паспрабавалі знішчыць гучнагаварыцель, праз які Паўднёвая Карэя са сваёй тэрыторыі транслюе антыкамуністычную прапаганду.

Пасля ўзаемных артабстрэлаў улады Паўднёвай Карэі загадалі эвакуяваць жыхароў раёнаў каля заходняй мяжы з КНДР.

Рашэнне ўсталяваць на дэмаркацыйнай лініі гучнагаварыцелі было прынята Сеулам пасля таго, як двое паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў падарваліся на супрацьпяхотных мінах, нібыта закладзеных у нейтральнай зоне паўночнакарэйскімі вайскоўцамі.

КНДР і Паўднёвая Карэя фармальна знаходзяцца ў стане вайны, бо пасля ўзброенага канфлікту ў пачатку 1950-х гадоў паміж імі не быў падпісаны мірны дагавор.

Паводле www.bbc.comwww.svoboda.org