“Надвор’е ў Арэнбургу” знішчыла танкі Т-72БА 21-й АМСБр ЗС РФ пад Старабешавам
Чарговае раследаванне каманды InformNapalm.org раскрывае факты ўдзелу 21-й АМСБр ЗС РФ у вайне на Данбасе.

Нагадаем, што 22 верасня 2014 году расійскі прапагандысцкі канал “ANNA NEWS” апублікаваў відэа “Данецк, Старабешава. Знішчаная бронетэхніка Украінскай арміі”, у якім спрабаваў выдаць знішчаныя расійскія танкі Т-72 за ўкраінскія.
Да вяртання да гэтай тэмы спрычыніўся фотаздымак, які быў выяўлены на старонцы расійскага вайсковага злачынцы, кантрактніка падраздзялення СПА з складу 21-й асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 12128-ж Тоцкае-2, Арэнбургская вобласць, ЦВА) Дзяніса Панчанкі (профіль у архіве: https://archive.is/eIpzt, фотаальбом: https://archive.is/z0QFk).

У прыватнасці, у фотаальбоме Дз.Панчанкі было выяўленае фота, выкладзенае 22 кастрычніка 2014 года, у якім група расійскіх вайскоўцаў пазуе на тле спаленага танку Т-72БА. На фота быў апазнаны танк, які таксама фігуруе і ў сюжэце “ANNA NEWS” з 22.09.2014 г. Параўноўваючы скрыншот з відэароліку з фотаздымкам з альбому Дз. Панчанкі, адразу бачна, што танк і месца здымкаў супадаюць, толькі зробленыя з розных ракурсаў (глядзіце фотаздымкі з апісаннем ніжэй).





Заўвага: Зыходзячы з фотаздымкаў з альбому Дз. Панчанкі станам на чэрвень 2015 году, вынікае, што ўлетку ён знаходзіўся ў Растоўскае вобласці ў чарговай “растоўска-ўкраінскай” камандзіроўцы.



На падставе гэтага можна прыйсці да высновы, што спаленыя пад Старабешавам танкі Т-72, з'яўляюцца машынамі 21-й АМСБр (а не 6-й ТБр, як мы дапускалі раней у матэрыяле — “Чарговая хлусня расейскай прапаганды — танкі “Т-72ДЗ(БЗ)””). Тым не менш, памылка ў вызначэнні падраздзялення, да якога належаць танкі, ніякім чынам не ўплывае на сутнасць матэрыялу што да доказу ўдзелу падраздзяленняў ЗС РФ у вайне ва Украіне.
Здагадка пра прыналежнасць танку заснаваная на некалькіх ускосных фактах, у тым ліку:
1) адзначаны вышэй фотаздымак спаленага танку, які выкладзены ў альбоме вайскоўца 21-й брыгады;
2) зафіксаваная гібель двух танкістаў 21-й АМСБр з Арэнбургскай вобласці на “вышкалах” пад Растовам напрыканцы жніўня 2014 году;
3) наяўнасць ва ўзбраенні 21-й брыгады танкаў Т-72БА мадыфікацыі 1999 года (у адрозненні ад мадыфікацыі “БЗ”, якая абсталяваная цеплавізарам “Сасна-У”, у “БА” ўсталяваны прыцэл “1К13”), якія, збольшага, знаходзяцца ў арсенале вайсковых злучэнняў ЦВА.
Дзеля пацверджання гэтай інфармацыі публікуем фотаздымкі танкаў Т-72БА з профіляў сацсетак вайскоўцаў 21-й брыгады, Рустама Абракава і Арцёма Чугаева.




Матэрыял падрыхтаваў Міхаіл Нет адмыслова для InformNapalm.org
Пераклад на беларускую мову — Дзяніс Івашын