Макрон думае пра СНД

У праграме Эмануэля Макрона нашаму рэгіёну прысвечаны літаральна два-тры сказы. Нягледзячы на гэта, прэса краін СНД актыўна спекулюе на тэму, чаго чакаць ад новай французскай адміністрацыі.

Фота www.tatler.ru

Фота www.tatler.ru

Не так даўно ў сеціве з’явіўся анекдот: «У Расіі так моцна памятаюць пра ахвяр фашыстаў, што напярэдадні 9 мая ўсенародна перажываюць за правага радыкала Марын Ле Пэн». Гэты жарт — добрая ілюстрацыя таго, наколькі моцна расійскае грамадства сімпатызавала кандыдату ад «Нацыянальнага фронту». Аднак навіну пра правал Ле Пэн (і, адпаведна, перамогу Макрона) значна больш занепакоена сустрэлі не ў Маскве, а ў Баку.

На беразе Каспія вельмі заклапочаныя шчыльнымі кантактамі новага французскага гаранта з армянскай дыяспарай, якой падчас выбарчай кампаніі той шмат чаго наабяцаў: уключаючы нават вырашэнне Карабахскага пытання. «Ці азначае гэта, што Парыж збіраецца афіцыйна прызнаць Нагорны Карабах?» — пытаецца частка азербайджанскай прэсы.

Другая частка спадзяецца, што прыход Макрона не паўплывае на статус-кво. «У Францыі па вызначэнні няма і не было не праармянскіх палітычных дзеячаў, занадта моцная роля армянскай дыяспары ў гэтай краіне. Абранне Макрона, несістэмнага дзяржаўнага дзеяча, не гатовага да рэзкіх крокаў, азначае, што ў Азербайджана ёсць выразны і гатовы да дыскусій суразмоўца», — супакойвае аўдыторыю адно з азербайджанскіх выданняў.

У Ерэване, сапраўды, гучна святкуюць перамогу Макрона, хаця, дарэчы, Ле Пэн 24 красавіка таксама выказвала спачуванне з нагоды гадавіны генацыду армян. Але большасць пагаджаецца, што Парыж без падтрымкі Захаду наўрад ці рызыкне аднабакова ўлазіць у Карабах. А вось сцэнар, калі Арменія будзе стратэгічным саюзнікам Францыі ў рэгіёне Паўднёвага Каўказу, лічыцца цалкам рэалістычным.

Што тычыцца Расіі, то ў СМІ гэтай краіны дамінуе думка, што прэзідэнцтва Макрона ў постсавецкіх краінах будзе адчувацца вельмі слаба. Па-першае, Макрону патрэбны пэўны час, каб стварыць каманду і ўвогуле разабрацца з праграмай, якая яшчэ мае эклектычны характар. Пакуль усё выглядае так, што працаваць яму давядзецца ў тандэме з рэспубліканцамі — фаварытамі хуткіх выбараў у парламент, у якім большасць і прызначае ўрад.

Па-другое, пытанні знешняй палітыкі — не ў топе французскай павесткі. Хутчэй за ўсё, новы гарант V рэспублікі, за якім стаіць буйны банкаўскі капітал, перш за ўсё зоймецца рэформамі на рынку працы. Нарэшце, Макрон прыйшоў з лагера сацыялістаў, а папярэдняя адміністрацыя Аланда на ўсходнім накірунку знешняй палітыкі ЕС аддала ініцыятыву Берліну.

Але афіцыйны Крэмль, падаецца, будзе намагацца адцягнуць увагу Парыжа ад зоны СНД у бок канфлікту на Блізкім Усходзе. Нездарма ў сваім віншаванні на адрас Макрона Пуцін асобна нагадаў пра нарастанне пагрозы тэрарызму.

Калі казаць пра пазіцыю антыпуцінскай апазіцыі, то тут ёсць спадзяванні, што Макрон не забудзецца пра заангажаванасць Масквы ў выбарчую кампанію Ле Пэн і пра нядаўні скандал з узломам электроннай пошты яго выбарчага штабу. Усплыла інфармацыя, што сярод хакераў быў нехта Георгій Рошка — супрацоўнік расійскай кампаніі, якая вырабляе праграмнае забеспячэнне ў тым ліку для ФСБ.

А вось кіеўскі палітыкум, наадварот, захоплены «макронаманіяй». Эйфарыя цалкам лагічная, калі ўзгадаць, што альтэрнатывай новаму кіраўніку Францыі на выбарах выступала прамаскоўская Марын Ле Пэн. Лічыцца, што Францыя пры новым прэзідэнце працягне актыўна працаваць у фармаце Нармандскай чацвёркі. Нарэшце, перамога Макрона як мінімум робіць неактуальным пытанне крызісу ўсяго праекту ЕС — менавіта на тэме еўрапейскай перспектывы для Украіны грунтуецца цяперашняя ўкраінская дзяржаўная дактрына.

Што тычыцца малдаўскай прэсы, то ў перамозе Макрона бачаць добры знак працягу супрацоўніцтва Парыжа і Берліна. Гэта вось, маўляў, мае стратэгічную ролю для захавання моцнага ЕС і, як следства, добрыя перадумовы для больш актыўнай ролі Еўропы ў краінах, якія падпісалі з ёй Пагадненне аб асацыяцыі (да якіх адносіцца таксама і Малдова). Малдаўская прэса таксама спадзяецца на рэактывацыю праграмы «Усходняе партнёрства», якая буксуе пасля леташняга рэферэндуму ў Вялікабрытаніі.

Напэўна, найбольш незвычайнае рэха на навіны з Францыі — у Грузіі. Тут святкуюць перамогу Макрона, спадзеючыся, што той працягне вайсковае супрацоўніцтва з Тбілісі ў… Цэнтральнай Афрыцы. Аказваецца, у пясках Сахары кантынгент грузінскіх жаўнераў дапамагае французскім калегам змагацца з ісламістамі. Праграма мае стратэгічнае значэнне для падтрымкі баяздольнасці грузінскай арміі.

Наўрад ці сёння можна казаць, хто мае рацыю ў нефармальных дэбатах наконт таго, як будзе паводзіць сябе Парыж падчас прэзідэнцкай кадэнцыі Макрона. Магчыма, нейкі адказ мы атрымаем ужо 25 мая, калі ў Брусэлі адбудзецца саміт NАТО. У межах мерапрыемства Эмануэлю Макрону так ці інакш давядзецца публічна агучыць свае знешнепалітычныя погляды, у тым ліку і на праблемы нашага рэгіёну.