Мінгандлю ЗША зноў унесла «ВКонтакте» ў спіс пірацкіх рэсурсаў
Міністэрства гандлю ЗША ўнесла расійскую сацыяльную сетку «ВКонтакте» ў спіс пірацкіх рэсурсаў. Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце ведамства
Спіс штогод складае апарат гандлёвага прадстаўніка прэзідэнта ЗША. У дакумент унесены сусветныя рэсурсы, якія парушаюць правы інтэлектуальнай уласнасці. Сярод іх — некалькі расійскіх праектаў: «ВКонтакте», торэнт-трэкер Rutracker.org, Rapidgator.net і анлайн-кінатэатр kinogo.cc, паведамляе novayagazeta.ru. «ВКонтакте» ў гэтым спісе з 2011 года.
«Большасць паспяховых сацыяльных сетак робяць гэта так, каб не спрыяць парушэнню аўтарскіх правоў. Даклады «ВКонтакте» аб тым, што кампанія робіць захады па барацьбе з пірацтвам, усяляюць надзею», — заявілі ў ведамстве.
Восенню 2017 года «ВКонтакте» змяніла правілы праслухоўвання музыкі. Цяпер у афіцыйных мабільных праграмах у фонавым рэжыме можна праслухоўваць музыку бясплатна толькі 30 хвілін у суткі. Гэтая мера — адна з умоў пагаднення з праваўладальнікамі. Прэс-служба «ВКонтакте» ў каментары РБК паведаміла, што сацсетка «працягвае актыўную працу па ліцэнзаванню аўдыё- і відэакантэнту». «За апошнія гады былі падпісаныя дамовы з найбуйнейшымі сусветнымі праваўладальнікамі музычнай прадукцыі: Universal Music, Sony Music і Warner Music, The Orchard, Merlin Network, Believe Digital і інш.», — адзначаецца ў паведамленні.