Міністэрства аховы здароўя Аргенціны расказала пра пабочныя эфекты пасля «Спутника». Галоўнае са справаздачы
Аргенцінскае Міністэрства аховы здароўя апублікавала справаздачу аб пабочных эфектах расійскай вакцыны «Спутник V», якую выкарыстоўваюць у краіне з пачатку года. Аргенціна другой сярод замежных краін дазволіла ў сябе ўжываць гэтую вакцыну, і цяпер ёю прышчэплена больш за 11 млн чалавек, паведамляе «Руская служба Бі-Бі-Сі».
Апублікаваныя Аргенцінай даныя асабліва каштоўныя яшчэ і таму, што Расія не публікуе звесткі пра пабочныя эфекты якой-небудзь з вакцын мясцовай вытворчасці. Няма і афіцыйнага партала са статыстыкай вакцынаваных.
Справаздача заснавана на даных, атрыманых да 31 ліпеня гэтага года. У Аргенціне «Спутник V» і «AstraZeneca» — дзве самыя папулярныя вакцыны, імі прышчэплена амаль роўная колькасць людзей.
Усяго насельніцтву краіны ўвялі 11,37 млн доз «Спутника V», 11,1 млн доз «AstraZeneca» і 9,7 млн доз кітайскай «Sinopharm».
За сем месяцаў, якія прайшлі пасля пачатку масавай вакцынацыі, нацыянальнай сістэмай аховы здароўя было зарэгістравана 50 463 справаздачы аб пабочных эфектах (156,8 выпадка на 100 тысяч). З іх 1,99% (1004 выпадкі) палічылі цяжкімі пабочнымі эфектамі — гэта значыць, яны запатрабавалі шпіталізацыі.
Выпадкаў сур'ёзных пабочных эфектаў пасля «Спутника V» — менш за 1% ад агульнай колькасці. 38 669 выпадкаў пабочных эфектаў пасля расійскай вакцыны палічылі няцяжкімі.
Большасць справаздач аб тых ці іншых пабочных эфектах паступілі па «Спутнику V», па «AstraZeneca» — 2999 справаздач, па «Sinopharm» — 2384. Яшчэ 3535 выпадкаў не звязана ні з адной з вакцын.
Апублікавалі ў Аргенціне і размеркаванне колькасці цяжкіх пабочных эфектаў у залежнасці ад вакцыны:
«Спутник V» — 0,66 выпадка на 100 тысяч доз,«AstraZeneca» — 0,41 выпадка на 100 тысяч доз,«Sinopharm» — 0,16 выпадка на 100 тысяч доз.
72% справаздач аб непажаданых з'явах былі ад жанчын, а сярэдні ўзрост заяўнікоў складаў 42,4 года сярод абодвух полаў.
У справаздачы падкрэсліваецца, што ступень рэагавання сістэмы эпіднагляду на пабочныя эфекты ў пачатку вакцынацыі была вельмі высокай праз тое, што вакцыны пачалі ўжываць ва ўмовах пандэміі і ўсе яны былі новымі. Гэта значыць, медперсанал быў навучаны выяўляць пабочныя эфекты і хутка апавяшчаць пра іх.
Хоць колькасць атрыманых людзьмі доз вакцын з часам павялічвалася, колькасць паведамленняў пра цяжкія пабочныя эфекты заставалася нізкай, адзначаюць у аргентынскім Міністэрстве аховы здароўя.
На што часцей скардзіліся?
Часцей за ўсё пасля «Спутника V» рэгістравалі галаўны боль або боль у цягліцах / суставах (136,2 выпадка на 100 тысяч). Таксама былі выпадкі ліхаманкі з галаўным болем і / або болямі ў цягліцах і суставах (128,5 выпадка), мясцовай рэакцыі без ліхаманкі (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе пачырваненне ў месцы ўколу. — Заўв. рэд.) — 26,9 выпадка на 100 тысяч.
Радзей сустракалася высокая тэмпература — 16,5 выпадка на 100 тысяч, мясцовы боль — 11,4 выпадка, мясцовая рэакцыя з ліхаманкай — 8 выпадкаў, рэакцыі страўнікава-кішачнага тракта з ліхаманкай або без — 6 выпадкаў, і столькі ж — алергій.
Зусім рэдкія пабочныя эфекты «Спутника V» — гэта мясцовыя адэнапатыі (павелічэнне лімфавузлоў. — Заўв. рэд.) — такіх сустракалася 0,83 выпадка на 100 тысяч, анафілаксія (0,10 на 100 тысяч), металічны прысмак у роце (0,08) і гіпертэрмія (0,05).
9 выпадкаў аргенцінскае Міністэрства аховы здароўя аднесда да нявызначаных — гэта значыць, іх нельга было дакладна звязаць з вакцынацыяй. Сярод такіх — 3 выпадкі сіндрому Гійена-Барэ (вострая аўтаімунная запаленчая рэакцыя), 5 — розная трамбацытапенія і 1 выпадак перыкардыту (запаленчага паражэння серознай абалонкі сэрца).
Аўтары справаздачы падкрэсліваюць, што па меры паступлення новай інфармацыі даныя пра пабочныя эфекты могуць змяняцца і ўдакладняцца.
Антыцелы спеюць
У канцы жніўня аргенцінскія навукоўцы выпусцілі прэпрынт даследавання, у якім робіцца выснова аб тым, што нейтралізуе актыўнасць антыцелаў пасля прышчэпкі «Спутникам V» сярод тых, хто не хварэў раней на каронавірус, расце на працягу паўгода.
Даследчыкі ўзялі ўзоры сыроваткі на 42-і дзень пасля вакцынацыі «Спутникам V» і высветлілі, што яны горш нейтралізавалі штамы «бэта» і «гама», чым зыходны ўханьскі варыянт. Аднак праз 120 дзён пасля вакцынацыі сітуацыя змянялася: нейтралізуючая актыўнасць супраць «альфы», «бэты», «гамы» і «дэльты» была вышэй у параўнанні з уханьскім варыянтам.
У дачыненні да варыянту «лямбда» (знойдзены ў Перу ў канцы лета мінулага года) нейтралізуючая актыўнасць была крыху ніжэйшай.
Навукоўцы рэзюмавалі, што, хоць узроўні антыцелаў IgG да віруса з часам падаюць, эфектыўнасць нейтралізацыі віруса ў прышчэпленых (і тых, што хварэлі раней) расце.
Гэта дазваляе выказаць здагадку, што пасля вакцынацыі некалькі месяцаў адбываецца выспяванне антыцелаў. Такія папярэднія высновы, даследаванне пакуль не атрымала ацэнак рэцэнзентаў.
Праблемы з пастаўкамі
У Аргенціне, паводле статыстыкі, ужо больш за 60% вакцынаваныя першай дозай і 33% вакцынаваныя цалкам.
У канцы чэрвеня паведамлялася, што ў краіны ўзніклі праблемы з другім кампанентам «Спутника V» — яго не маглі атрымаць на працягу некалькіх месяцаў. Паведамлялася, што ўлады Аргенціны вядуць перамовы з Расіяй, каб дамагчыся адпраўкі партыі з другім кампанентам, бо многія аргенцінцы, якія зрабілі першую прышчэпку яшчэ ў сакавіку–красавіку, у чэрвені ўсё яшчэ чакалі другога ўколу.
Пасля таго, як Аргенціна прыгразіла разрывам кантракта, Расія накіравала ў краіну партыю вакцыны, але ў ёй было толькі 400 тысяч доз з чаканых 18,7 мільёна. Расійскія ўлады тады сказалі, што прыярытэтам для іх з'яўляецца ўнутранае спажыванне.
«Задаволіць абсалютна ўвесь попыт за мяжой імгненна не ўяўляецца магчымым, але па заканчэнні часу ўсе абавязацельствы будуць выконвацца», — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
У Аргенціне заняліся ўласнай вытворчасцю вакцыны, а таксама заявілі, што могуць замяніць другі ўкол вакцынамі «AstraZeneca» або «CanSino», у якіх таксама выкарыстоўваецца адэнавірусны вектар.
У канцы жніўня стала вядома, што аргенцінская кампанія «Richmond» з чэрвеня зрабіла больш за 5 млн доз «Спутника V» — пра гэта паведаміла прэс-служба кампаніі ў Твітары.
«Мы пераадолелі адзнаку ў 5 млн доз, вырабленых у Аргенціне, з улікам партыі, завершанай учора. Цяпер мы вырабілі 1 179 625 доз першага кампанента і 3 890 000 доз другога», — гаварылася ў паведамленні.