Міжнародны газавы саюз прыпыніў сяброўства Расіі ў арганізацыі
Міжнародны газавы саюз (IGU), членам якога з боку Расіі з’яўляецца карпарацыя «Газпром», часова, да далейшага апавяшчэння, прыпыніў любы ўдзел кампаній з Расійскай Федэрацыі ў сваёй дзейнасці.
Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік аргкамітэту Міжнароднага газавага кангрэсу, які праводзіць саюз, «у сувязі з гэтым Карэйскі газавы саюз, які прымае Кангрэс у 2022 годзе, не можа рэалізаваць далейшы ўдзел суб’ектаў РФ: ні для выступаў, ні для ўдзелу дэлегацый, ні для ўдзелу ў выставе ці спонсарстве».
На Кангрэсе таксама адмовілі журналістам «Інтэрфаксу» ў акрэдытацыі.
Асноўнай прычынай, імаверна, можна назваць развязаную Расіяй вайну супраць Украіны.
Традыцыйна найбуйнейшыя газавыя гульцы Расіі — «Газпром» і «НОВАТЭК» — прымалі ўдзел у Міжнародным газавым кангрэсе. Іх кіраўнікі Аляксей Мілер і Леанід Міхельсон раней значыліся ў ліку спікераў у Карэі. Звычайна кампаніі ўсталёўвалі свае стэнды на выставах, дзе праводзілі перамовы з міжнароднымі партнёрамі.
«Газпром» планаваў выдаткаваць на будаўніцтва стэнду на выставе ў карэйскім Тэгу, дзе павінен прайсці Кангрэс, 137 млн рублёў (прыблізна 1,95 млн еўра), вынікае з даных ужо скасаванай закупкі кампаніі. У закупачнай дакументацыі канцэрну аб забудове выставачнага павільёна паведамлялася і аб планах «НОВАТЭКу» пабудаваць свой стэнд.
Сябрамі Міжнароднага газавага саюзу з’яўляюцца 160 асацыяцый і карпарацый газавай галіны, якія прадстаўляюць больш як 95% сусветнага газавага рынку. У межах гэтага саюзу «Газпром» меў доступ да даследаванняў асноўных напрамкаў развіцця газавай прамысловасці і газавага рынку, доступ да перспектыўных распрацовак у газавай галіне, абмену інфармацыяй і вопытам з перадавымі нафтагазавымі кампаніямі свету.