Жлабінчаніна экстрадавалі з Расіі і асудзілі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі
Пра гэта паведамілі беларускія праваабаронцы.

Дзмітрый Падлобнікаў
Суд Жлобінскага раёна вынес прысуд яшчэ аднаму ўдзельніку жнівеньскіх акцый пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе. Дзмітрыя Падлобнікава абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Святлана Андрэева прысудзіла Дзмітрыю тры гады калоніі.
Дзмітрый з’ехаў пасля падзей у Жлобіне ў Маскву на заробкі, аднак быў затрыманы паліцыяй, паколькі быў абвешчаны ў вышук.
У Маскве прайшло некалькі судоў аб экстрадыцыі хлопца ў Беларусь, у выніку якіх абвінавачанага перадалі праваахоўным органам, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека, куды звярталіся ягоныя адвакаты.