Моцныя абстрэлы на Данбасе, ёсць загінулыя і параненыя

Абвастрэнне на Данбасе працягваецца: прэс-цэнтр аперацыі Аб’яднаных сіл паведамляе, што баевікі 7 чэрвеня зноў абстралялі пазіцыі ўкраінскай арміі з артылерыі і мінамётаў, што забаронены менскімі пагадненнямі. Загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў, 12 пацярпелі, піша Белсат.

zdymak_ekrana__2019_06_08_16_31_37.png
zdymak_ekrana__2019_06_08_16_31_37.png


У ААС адзначаюць: баевікі «ЛДНР» 28 разоў парушылі рэжым спынення агню каля 9 населеных пунктаў. Тройчы баевікі выкарыстоўвалі 152 і 122-мм артылерыю, а таксама мінамёты калібру 120 мм.
«Па ўсіх прыкметах дзеянняў праціўніка, гэта была загадзя спланаваная аперацыя», – адзначыў камандуючы аб’яднаных сілаў, генерал-лейтэнант Аляксандр Сірскі.
Паводле Сірскага, баевікі ў ходзе абстрэлаў фактычна прыкрываліся цывільным насельніцтвам: так, батарэя ў складзе 4-х САУ 2С1 «Гваздзіка» выйшла на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі паблізу жылых дамоў. На працягу 5-ці хвілін баевікі выпусцілі каля 30 снарадаў па ўкраінскіх пазіцыях і адразу пасля заканчэння агню перамясціліся ў жылую зону горада Горлаўка.
Сірскі сцвярджае, што ўкраінскія жаўнеры далі ворагу адэкватны адказ. «З мэтай падаўлення агню праціўніка, аб’яднанымі сіламі быў адкрыты агонь з мінамётаў і іншых агнявых сродкаў», – адзначыў ён.
У выніку 7 чэрвеня двое вайскоўцаў загінулі, пяць атрымалі раненні і 7 чалавек атрымалі баявыя траўмы. Нагадаем, 6 чэрвеня ў баявых сутыкненнях таксама загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў, 8 пацярпелі.
Учора прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў спробай у чарговы раз сарваць працэс перамоваў. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на абстрэлы вайскоўцы будуць рэагаваць жорстка і ў адпаведнасці са становішчам.