Ва Украіне ўхвалілі закон, які спрашчае атрыманне грамадзянства замежнымі вэтэранамі вайны на Данбасе

Закон таксама ўводзіць забарону на экстрадыцыю з тэрыторыі Украіны замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ўрадавых войскаў, піша «Радыё Свабода».

1517055246_9776.jpg

Вярхоўная Рада Украіны ўнесла змены ў шэраг законаў аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.
Гэтыя змены падтрымалі 230 з 343 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сесійнай залі, апроч прадстаўнікоў фракцыі «Апазіцыйны блок» і парламенцкіх груп «Адраджэнне» і «Воля народу», утвораных на рэштках Партыі рэгіёнаў.
Закон прадугледжвае, што іншаземцы, якія ваявалі на Данбасе на баку ўрадавых сілаў, могуць звярнуцца па ўкраінскае грамадзянства нават у выпадку заканчэння дзеяння іхных нацыянальных пашпартоў, але пры гэтым яны абавязкова мусяць мець хаця б часовы від на жыхарства. Да заявы іншаземцы мусяць дадаць адпаведны зварот Міністэрства абароны Украіны ці хадайніцтва камандзіра вайсковага падраздзялення, у складзе якога ваявалі на Данбасе.
Адначасова закон уводзіць забарону на выдачу іншаземцаў, якія ваявалі на ўсходзе Украіны, у краіну паходжання альбо краіну, якая не прызнае тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны ці адмаўляецца прызнаваць агрэсію Расіі ва Украіне.
У той жа час закон не вырашае пытанняў тых добраахвотнікаў, якія цяпер не працягваюць кантрактную службу ва Узброеных сілах Украіны і не маюць часовага віду на жыхарства.
Цяпер гэты закон мае падпісаць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, а юрыдычную моц ён набудзе праз два месяцы пасля афіцыйнай публікацыі.
Адным з аўтараў законапраекту выступіў кіраўнік партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Білецкі. 4 чэрвеня актывісты гэтай партыі з замежнымі добраахвотнікамі пікетавалі Адміністрацыю прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Паводле інфармацыі «Нацыянальнага корпусу», украінскага грамадзянства патрабуюць каля 400 добраахвотнікаў-іншаземцаў, якія ўжо пяты год знаходзяцца ва Украіне ў статусе нелегалаў.
За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, які ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Украіне. У лютым 2017 года двое беларускіх добраахвотнікаў пасля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Украіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.
Раней народная дэпутатка Украіны Наталля Весялова звярнулася да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзмітрыю Палойку.
svaboda.org