На Украіне праведзены эксперымент крушэння MH17

Украінскія спецыялісты правялі першы натурны эксперымент авіякатастрофы малазійскага лайнера Boeing у Данбасе. Вынікі будуць выкарыстаны, каб удакладніць месца пуску і траекторыю ракеты, што збіла самалёт.

Месца крушэння MH17

Месца крушэння MH17


Кіеўскі навукова-даследчы інстытут судовых экспертыз і Міністэрства юстыцыі Украіны правялі ў Паўлаградзе сумесны натурны эксперымент для расследавання абставінаў катастрофы малазійскага Boeing 777 у ліпені 2014 года, паведамляе www.dw.com.
У пятніцу, 15 ліпеня, на сайце НДІ было апублікавана паведамленне пра эксперымент, у якім таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Нідэрландаў, Бельгіі, Аўстраліі і спецыялісты канструктарскага бюро "Антонаў".
Для мадэлявання катастрофы былі падрыхтаваныя баявыя ракеты зенітна-ракетнага комплексу "Бук" і элементы фюзеляжа самалёта. У ходзе выпрабаванняў навукоўцы паспрабавалі ўсталяваць, як выбух паўплывае на корпус самалёта, вызначыць размяшчэнне лайнера і ракеты і зафіксаваць вобласць разлёту элементаў, што паражаюць.
Міністэрства юстыцыі Украіны выклала таксама фатаздымкі з месца, дзе праводзіўся эксперымент:


57879fbdc16c8.jpg

5787a0c954968.jpg




57879fe0d4df8.jpg

Фота з сайта https://minjust.gov.ua/ua/news/48458
НДІ адзначыў, што вынікі будуць выкарыстаны, каб удакладніць месца пуску і траекторыю ракеты, што збіла самалёт. Вынікі тэсту пакуль не апублікаваныя.

"У прыватнасці, у горадзе Паўлаград загадзя было падрыхтавана ўсё неабходнае для мадэлявання падобнага выбуху, які адбыўся з самалётам рэйса "МН17". Для таго, каб правесці арэна-тэст, былі вылучаныя арыгінальныя баявыя ракеты з комплексу "Бук". Мадэль кабіны пілотаў і элементы мішэні абстаноўкі размяшчаліся на двух асобных доследных пляцоўках. На той жа лакацыі эксперты ўсталявалі і наладзілі работу фота-, відэа сродкаў і 3D сканавання аб'ектаў. Аналагаў падобных эксперыментаў на тэрыторыі нашай дзяржавы да гэтага часу не праводзілася і толькі супрацоўніцтва ўкраінскіх і замежных экспертаў дазволіла ўвасобіць задуму ў жыццё", — цытуе паведамленне Мінюста censor.net.ua
Раней такога кшталту натурны эксперымент ужо праводзіў расійскі абаронны канцэрн "Алмаз-Антэй". Тады спецыялісты па яго выніках пацвердзілі, што Boeing 777 быў збіты ракетай ЗРК "Бук-М1". Аднак расійскі бок выказаў сумнеў наконт высноваў міжнароднай следчай групы пад кіраўніцтвам Нідэрландаў пра запуск ракеты з падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі.