Найбуйнейшы прафсаюз Грэцыі абвяшчае агульнанацыянальны страйк
Найбуйнейшы ў Грэцыі прафсаюз дзяржслужбоўцаў з заўтрашняга дня пачынае агульнанацыянальны страйк супраць умоваў новага пагаднення краіны з крэдыторамі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні прафсаюзу, піша ўкраінскае выданне «Еўрапейская праўда». Страйк будзе прымеркаваны да галасавання ў грэцкім парламенце за «трэці мемарандум з крэдыторамі». Раніцай у сераду прафсаюз мяркуе наладзіць дэманстрацыі і мітынгі.
Адначасова прафсаюз заклікаў жыхароў Афінаў сабрацца ўвечары на плошчы Сінтагма ля будынка грэцкага парламенту. «Не — мемарандуму, не — мерам жорсткай эканоміі, не — прыватызацыі, не — рабаўніцкім падаткам, наперад да перамогі», — заклікае прафсаюз дзяржслужбоўцаў Грэцыі.
На саміце ЕС, які завяршыўся ў панядзелак раніцай, былі ўзгодненыя прынцыпы праграмы дапамогі Грэцыі. Краіны ЕС дадуць Афінам фінансавую падтрымку ў абмен на правядзенне грэчаскімі ўладамі шэрагу балючых рэформаў.