«Ніякая ўлада не зможа перамагчы народ». Беларусы Адэсы правялі мітынг у гадавіну выбараў (фота)

Напярэдадні гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў цэнтры Адэсы сабраліся беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць краіну праз палітычны пераслед.

img_20210808_190350_logo.jpg


Людзі нагадалі пра «дасягненні» апошняга года: колькасць рэпрэсаваных і палітвязняў у Беларусі, якая ўзрастае, катаванні, пра якія прайшлі сотні чалавек.

Удзельнікі акцыі каля гадзіны стаялі з плакатамі ля помніка аднаму з заснавальнікаў Адэсы Дзюку Рышэлье, яны скандавалі лозунгі «Свабоду палітвязням», «Верым, можам, пераможам», «Лукашэнку ў аўтазак», «Не забудзем, не даруем», «Разам і назаўжды», «Пакуль мы з’яднаныя — мы непераможныя», «Жыве Беларусь».

«Мы выйшлі, каб паказаць, што мы не згодныя з рэжымам, які пануе ў Беларусі. Кожны з нас прайшоў праз нейкія нягоды. Гэтаму рэжыму пляваць на закон», — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.

img_20210808_190445_logo.jpg
img_20210808_190500_logo.jpg


Беларусаў прыйшлі падтрымаць і ўкраінцы. «Мы ведаем, што ў вас вельмі цяжкія часы, але мы ведаем і тое, што вы пераможаце. Будучыня Беларусі ў вашых руках, ніякая ўлада не зможа перамагчы народ», — гавораць яны.

У той жа час беларусам не так проста атрымаць палітычны прытулак вам Украіне. Цяпер міграцыйныя служба разглядае больш за 10 падобных спраў. Але ёсць выпадкі, калі палітуцекачам адмаўляюць у атрыманні прытулку.

Пасля мітынгу людзі рушылі шэсцем цэнтральнымі вуліцамі горада, несучы вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Акцыя сабрала каля 70 чалавек.

Фота Дзіяны Серадзюк