Следчы камітэт працягнуў на два месяцы праверку абставінаў смерці Вітольда Ашурка
Упраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці падоўжыла праверку па факце смерці ў калоніі № 17 у Шклове палітвязня Вітольда Ашурка.
«Праверка падоўжана ў сувязі з тым, што працягнулі час экспертызаў. Я спытаў, якія версіі разглядаюцца, на што следчы сказаў, што няма экспертызаў — няма версій», — паведаміў БелаПАН яго брат Андрэй Ашурак.
Паводле яго слоў, падчас размовы ён звярнуў увагу суразмоўцы на тое, што на відэазапісе, якую СК апублікаваў у дзень смерці брата, «стан Вітольда Міхайлавіча — бессвядомы», «з гэтым следчы пагадзіўся». Андрэй Ашурак таксама выказаў здагадку, што з загінулым абыходзіліся неналежным чынам.
Да гэтага часу невядомы лёс дзённіка Вітольда Ашурка, пра які палітвязень згадваў у лістах і які не аддалі сваякам з астатнімі асабістымі рэчамі. Па словах брата, следчы падаў запыт у турму №1 у Гродна, дзе палітвязень знаходзіўся ў апошні час да этапавання ў калонію. Адказ адтуль пакуль не прыйшоў.