Паліцыю Украіны ўзначаліла экс-міністр адукацыі Грузіі
Былы міністр адукацыі Грузіі Хація Дэканаідзэ стала кіраўніком Нацыянальнай паліцыі Украіны. Прызначэнне адбылося па прадстаўленні прэм'ер-міністра Украіны Яцанюка.

Фота: interfax.com.ua
Экс-міністр адукацыі Грузіі Хація Дэканаідзэ прызначаная
начальнікам Нацыянальнай паліцыі Украіны. Адпаведнае рашэнне прынята на
пасяджэнні кабінета міністраў Украіны ўвечары ў сераду, 4 лістапада. Прызначэнне адбылося па прадстаўленні
прэм'ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка на падставе прапановы міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава.
"Гэта велізарны для мяне гонар, я вельмі люблю Украіну. Украіна для мяне другая радзіма, і я буду рабіць усё, абсалютна ўсё, што ў маіх сілах", — сказала Дэканаідзэ, прымаючы сваё прызначэнне.
Раней сярод кандыдатаў на пасаду начальніка ўкраінскай паліцыі называліся народны дэпутат ад "Блока Пятра Парашэнкі" Мустафа Найем і першы намеснік міністра ўнутраных спраў
Украіны Эка Згуладзэ.
Хація Дэканаідзэ працавала ў камандзе Міхаіла Саакашвілі, калі ён быў прэзідэнтам Грузіі, і ўзначаліла адміністрацыю Савета бяспекі Грузіі. Пасля яна працавала міністрам адукацыі Грузіі, а таксама кіравала паліцэйскай акадэміяй. Да прызначэння на пасаду начальніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Дэканаідзэ была дарадцам кіраўніка МУС Украіны Авакава, адзначае агенцтва "Інтэрфакс".