Памёр брытанец, якога трымалі ў палоне ў «ДНР»
Улады так званай "ДНР" паведамілі, што памёр Пол Уры — брытанец, які знаходзіўся ў палоне. Прычынай смерці заяўленыя "хранічныя хваробы".
Грамадзянін Вялікабрытаніі Пол Уры, які знаходзіўся ў палоне ў так званай "ДНР", памёр 10 ліпеня ад "хранічных хвароб". Пра гэта ў паведаміла "амбудсмен" ДНР Дар'я Марозава, піша www.currenttime.tv.
"Адзначу, што міжнародныя арганізацыі, а таксама афіцыйныя прадстаўнікі Вялікабрытаніі былі апавешчаныя пра факт палону Пола Уры. Таксама па яго просьбе адпаведная інфармацыя была перададзеная ў замежныя СМІ. Аднак ніякай рэакцыі ад Вялікабрытаніі не было", — напісала яна ў сваім тэлеграм-канале.
Марозава заявіла, што ваеннапалонны памёр "з-за хвароб і стрэсу". І, паводле яе слоў, яму нібыта была аказаная "адпаведная медыцынская дапамога".
Загінулы Пол Уры не быў сярод палонных брытанцаў, якіх асудзілі да смяротнага пакарання.