Пастаянныя прадстаўнікі краін ЕС сёння ўхваляць прапановы па санкцыях да Лукашэнкі

Камітэт пастаянных прадстаўнікоў (Coreper) краін ЕС у Брусэлі ўхваліць у сераду без абмеркавання праекты дакументаў для прыняцця Саветам ЕС чарговага пакета санкцый па Беларусі, вынікае з апублікаванага парадку дня камітэта.

13301728t1hec9e.jpg


Як заявіў «Інтэрфаксу» 15 кастрычніка Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля, Лукашэнка будзе ўключаны ў гэты санкцыйны спіс.

«Так, Лукашэнка ўвойдзе ў новы спіс, і пра гэта казаў высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах на яго прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння Савета ЕС на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у панядзелак, 12 кастрычніка», — пацвердзіў прэс-сакратар.

Ён нагадаў выказванне Барэля на прэс-канферэнцыі: «Сёння міністры пацвердзілі, што спадар Лукашэнка не валодае ніякай дэмакратычнай легітымнасцю і палітычна далі “зялёнае святло”, каб пачаць падрыхтоўку наступнага пакета санкцый, які ўключыць самога Лукашэнку».

У мінулы панядзелак афіцыйная прадстаўніца ЕС у міжнародных справах Набіла Масралі пацвердзіла гэтую пазіцыю Еўрапейскага Саюза: «Адмова ад дыялогу, агрэсіўныя заявы, масавыя арышты і выкарыстанне прызначаных для разгону беспарадкаў боепрыпасаў супраць беларусаў, якія выкарыстоўваюць сваё права на страйк і мірны пратэст, зноў паказваюць адсутнасць легітымнасці Лукашэнкі».

«ЕС падтрымлівае (беларускі) народ і працягне ўжываць санкцыі да вінаватых», — дадала яна.

У апублікаваным праекце парадку пасяджэння Coreper 4 лістапада ў раздзеле «Без абмеркавання» запісаны пункт: «Выканаўчая пастанова і выканаўчы рэгламент Савета аб абмежавальных мерах у дачыненні да Беларусі. Рашэнне аб выкарыстанні пісьмовай працэдуры для прыняцця (санкцый Саветам ЕС — ІФ)».

Як паведамлялася раней, афіцыйнае зацвярджэнне гэтых санкцый Саветам ЕС чакаецца 6 лістапада.

У Беларусі ўжо трэці месяц працягваюцца акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта, якія прайшлі 9 жніўня. Пераможцам абвешчаны Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 года. Удзельнікі акцый не прызнаюць абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў, лічаць іх сфальсіфікаванымі, і патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і новых выбараў.

5 лістапада афіцыйна заканчваецца тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцваў Лукашэнкі па выбарах 2015 года.