Што чакае краіну ў выпадку паразы пратэстаў? Канцлагер?

Калі беларуская дэмакратыя ня здолее перамагчы цягам найбліжэйшых месяцаў, то ператварэнне краіны ў цэнтры Еўропы ў адзін вялікі канцлагер — гэта не антыўтопія, а, баюся, непазбежная жахлівая перспектыва, — разважае Валер Карбалевіч у сваім блогу на Радыё Свабода.​

095d40ce_e9a0_46c0_bf94_48dd934ea48d_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


Такім чынам, цяпер затрыманых падчас вулічных акцый грамадзянаў будуць караць паводле Крымінальнага кодэксу, а не Адміністрацыйнага, як было раней. Гаворка ідзе пра артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Усе даўно прызвычаіліся, што градус і маштаб рэпрэсій увесь час узмацняюцца. Але, здаецца, цяпер адбылася якасная змена. Усіх незадаволеных у краіне апрыёры робяць крымінальнікамі.

Такія прэцэдэнты былі ў Расеі. Затрыманых у «Балотнай справе» 2012 году таксама судзілі паводле крымінальных артыкулаў.

Лукашэнка ўжо шмат разоў казаў, што, маўляў, знойдзем, дастанем усіх, хто ўдзельнічае ў вулічных акцыях, ніхто не застанецца беспакараным. Усе палічылі гэта звычайным запалохваннем. Аднак, акрамя запалохвання, — гэта сапраўдны намер, рэальная задача, якая ставіцца Лукашэнкам перад дзяржапаратам.

Глядзіце, як паслядоўна, метадычна, сістэмна адбываецца зачыстка па ўсёй краіне. Спецслужбы адшукваюць і караюць людзей за ўдзел яшчэ ў жнівеньскіх акцыях.

Прычым, што важна падкрэсліць, палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца не толькі праваахоўныя органы, а ўвесь дзяржаўны апарат. Звальненні нелаяльных работнікаў робяць адміністрацыі прадпрыемстваў, рэктараты ВНУ выключаюць студэнтаў, ваенкаматы аператыўна забіраюць апошніх у войска, санстанцыі закрываюць бізнэсы, западозраныя ва ўдзеле ў страйку. Установы адукацыі, уключна з адміністрацыямі дзіцячых садкоў, пагражаюць забраць дзяцей у палітычна нядобранадзейных бацькоў. І гэтак далей.

І менавіта ажыццяўленне рэпрэсій, а не выкананне сваіх звычайных функцый, з‘яўляецца сёння галоўным у працы ўсіх дзяржаўных установаў. І ніхто не задумваецца над наступствамі. З дзяржпрадпрыемстваў звальняюць унікальных спецыялістаў, без якіх яны паўнацэнна працаваць не могуць. І нікога не хвалюе, як гэта адаб’ецца на вытворчасці. Хапаюць і садзяць за краты вядомых дактароў. Не спыняюцца ні перад якімі былымі заслугамі людзей. Наадварот, чым гучнейшае імя, тым больш да гэтага чалавека чапляюцца.

Трэба разумець, што Лукашэнка атрымаў ад усіх падзей апошніх месяцаў цяжкую псіхалагічную траўму. І ён наўрад ці спыніцца, пакуль не адпомсціць за яе. Здаецца, мы не ўсведамляем да канца, да якіх межаў можа дайсці гэты чалавек. Ніякая эканоміка ці іншыя важныя для грамадства рэчы для яго цяпер не прыярытэт. Ён сапраўды ставіць задачу прапусціць праз турэмную сістэму ці праз сіта палітычных рэпрэсій (звальненне, банкруцтва бізнэсу) большасць насельніцтва. Уся карная сістэма арыентавана на гэта.

На практыцы гэта азначае, што ўлады робяць патэнцыйнымі крымінальнікамі большасць беларускага народу. Маштаб гэтага працэсу ўражвае. На кожным нядзельным маршы затрымліваецца некалькі соцень грамадзянаў. За тыдзень набіраецца пад тысячу. Паводле дадзеных праваабаронцаў, за няпоўныя тры месяцы былі затрыманы звыш 16 тысяч чалавек. Калі лічыць груба, то атрымліваецца дзесці 4-5 тысяч за месяц. Уявім, што пратэсты працягнуцца яшчэ некалькі месяцаў. Можна падлічыць, колькі палітвязняў чакаецца ў Беларусі.

Куды іх усіх падзець, дзе трымаць? Ніякіх турмаў і калоній не хопіць. Давядзецца будаваць вялікі канцлагер, а мо і не адзін. І ўсё беларускае грамадства будзе падзелена на дзьве часткі: вязні і турэмнікі. І ніякай сярэдзіны не будзе. Кожнаму давядзецца рабіць жудасны выбар.

Такім чынам, калі беларуская дэмакратыя не здолее перамагчы цягам найбліжэйшых месяцаў, то ператварэнне краіны ў цэнтры Еўропы ў адзін вялікі канцлагер — гэта не антыўтопія, а, баюся, непазбежная жахлівая перспектыва. І ня трэба ілюзій: ніякія вонкавыя сілы ні з Захаду, ні з Усходу ня змогуць гэтаму перашкодзіць. Да гэтага вядзе няўхільная лёгіка эскалацыі палітычнага супрацьстаяння. Нічога само не разыдзецца, як некаторыя яшчэ спадзяюцца. Гэтаму можа перашкодзіць толькі беларускі народ.