Пажары ў Грэцыі: улады падазраюць падпал
Ва ўладаў Грэцыі ёсць "сур'ёзныя падставы" падазраваць, што пажар у раёне Афінаў, які забраў некалькі дзясяткаў жыццяў, распачаўся з падпалу.
Пра гэта сказаў журналістам намеснік міністра па справах абароны грамадзян Нікас Тоскас.
"Мы пачалі расследаванне па паведамленнях сур'ёзных крыніц", — сказаў ён на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўнікамі паліцэйскіх і пажарных службаў у Афінах.
"Ёсць сведчанні, пакуль больш я нічога не магу сказаць", — заявіў Тоскас, дадаўшы, што распаўсюджванню агню спрыяла гарачае надвор'е, абумоўленае, на яго думку, глабальным пацяпленнем.
Гаворка ідзе пра пажар, які амаль цалкам разбурыў вёску Маці ў 40 кіламетрах на паўночны ўсход ад Афін. Многія з загінулых не змаглі пакінуць вёску. Яны загінулі, задыхнуўшыся дымам, у сваіх дамах і аўтамабілях.
Афіцыйны прадстаўнік грэчаскага ўрада Антоніас Цанакопулас у адказ на пытанні аб тым, што адбылося ў вёсцы, сказаў, што эвакуяваць яе было немагчыма, таму што пажар, які амаль знішчыў Маці, "доўжыўся ўсяго паўтары гадзіны".
Агонь раздзімаў моцны вецер, дадаў Цанакопулас — хуткасць ветру ў дзень пажару дасягала 120 км на гадзіну, паводле інфармацыі чыноўніка, гэта быў "самы моцны вецер, зафіксаваны за восем гадоў".
Паводле дадзеных спадарожнікавага назірання, у рэгіёне Атыкі ў той дзень амаль адначасова ўспыхнула 13 пажараў.
Агулам у пажарах, якія бушавалі ў Грэцыі апошнія дні, загінулі ўжо 83 чалавекі, 60 пацярпелі, а яшчэ 25 зніклі без вестак. У чацвер сваякі загінулых працягнулі апазнанне целаў.
Лясныя пажары ў Грэцыі: кадры з дрона
Цяперашні лясныя пажары ў Грэцыі — самыя моцныя з 2007 года. Тады на поўдні Пелапанескага паўвострава загінулі дзясяткі чалавек.
Урад Грэцыі звярнуўся да іншых еўрапейскіх краін з просьбай дапамагчы з пажарнымі і верталётамі. Некалькі краін, у тым ліку Італія, Польшча і Францыя, накіравалі ў Грэцыю пажарную авіяцыю, машыны і пажарных.
У чацвер на поўнач ад Афін пайшоў моцны дождж, які часткова патушыў пажары, паведамляе агенцтва Рэйтэр, аднак з-за залевы многія вуліцы ў паўночнай частцы горада затапіла.
Паводле ВВС