Перапiс нальніцтва ў ЗША (Census 2020): «Запiшыся беларусам!»
У ЗША пачаўся Перапiс насельніцтва (Census 2020). Згодна з Канстытуцыяй, перапіс праводзіцца кожныя 10 гадоў, пачынаючы з 1790 года. Вынікі перапісу выкарыстоўваюцца дзеля вызначэння колькасці прадстаўнікоў ад кожнага штата ў Кангрэсе ЗША, межаў выбарчых акругаў і таго, як будуць кожны год размяркоўвацца звыш 675 млрд. долараў федэральных сродкаў на патрэбы мясцовых супольнасцяў.

Кожны год мільярды долараў з федэральнага бюджэту накіроўваюцца на фінансаванне бальніц, пажарных частак, школ, дарог ды іншых рэсурсаў з улікам дадзеных перапісу насельніцтва.
«Па перапісе насельніцтва 2010 года колькасць беларускiх амерыканцаў была значна недаацэненая. Толькi 38505 чалавек пазначылi сябе беларусамi, у той час як па розных падлiках у ЗША жыве ад 600 тысячаў да 2 мiльёнаў беларусаў. Гэта азначае, што нашая супольнасць была недастаткова прадстаўленая ў Кангрэсе й не мела дастатковага доступу да дзяржаўных рэсурсаў цягам апошніх дзесяці гадоў», — распавёў Вячаслаў Бортнiк, лiдар кампанii «Запiшыся беларусам!» — Зараз самы час падлічыць наш голас. Дзесяць хвілінаў, затрачаных на запаўненне анкеты перапісу, паўплывае на прадстаўленасць беларуска-амерыканскай супольнасцi падчас вырашэння важных пытанняў цягам наступных дзесяці гадоў. Удзел у перапісу — грамадзянскі абавязак. Запаўненне анкеты перапісу — гэта спосаб прыняць удзел у дэмакратычным працэсе ў гэтай краіне й адчуць сваю значнасць для краіны».
Aдказваючы на пытанне 9 у анкеце, трэба пiсаць BELARUSIAN.

Перапiсацца можна анлайн на адмысловым сайце.

Кампанiя вядзецца пры падтрымцы Беларуска-Амерыканскга Задзiночання (БАЗА), каманды групы «Беларусы ЗША. Разам Лягчэй» ды Bortnik Fund for Belarus.
Паводле прэс-рэліза