Польшча. Эколагі даследуюць “гацькоўскія муравы”
Жыхары вёскі Гацькі, што каля Бельска-Падляшскага, супрацоўнічаюць з экалогамі ў выратаванні ўнікальнага ў маштабе Польшчы комплексу раслінаў. Ад пачатку кастрычніка эколагі з фонду “Зялёныя
лёгкія Польшчы” будуць даследаваць “гацькоўскія муравы”.
Фота surfbeach.gr
У межах праекту жыхары Гацькоў паўдзельнічаюць у конкурсе, які мае заахвоціць да вядзення экалагічнай гаспадаркі, адзначае каардынатарка праекту Ганна Касьянюк.
Ганна Касьянюк гаворыць:
— Конкурс сярод гаспадарак, які знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці, праходзіць у межах праграмы “Натура-2000”. Мы заахвочваем людзей да вядзення экалагічнай гаспадаркі, і тыя, хто выканаў усе ўмовы, атрымаюць узнагароды.
“Гацькоўскія муравы” з’яўляюцца аб’ектам аховы ў межах праграмы “Натура-2000”. Ваколіцы вёскі з’яўляюцца ўнікальнымі прыроднымі ды археалагічнымі тэрыторыямі. Непадалёк Гацькоў знаходзіцца гарадзішча з чацвёртага стагоддзя нашай эры.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя