Польшча. Найвышэйшыя ўлады аддаюць славу "Выклятым жаўнерам"
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўручыў генеральскія намінацыі і медалі, а Беата Шыдла сустрэлася з чатырма „Выклятымі жаўнерамі”.

Фота PAP/Marcin Obara
Прэзідэнт Анджэй Дуда ўручыў генеральскія намінацыі і медалі „Выклятым жаўнерам” ды асобам, заслужаным для падтрымлівання памяці пра гісторыю Польшчы.
Прэзідэнт сказаў, што для яго гэта гонар — працягваць ушаноўваць польскіх герояў, што запачаткаваў прэзідэнт Лех Качыньскі.
Дуда нагадаў, што менавіта Качыньскі спрычыніўся да ўстанаўлення Дня памяці „Выклятых жаўнераў”.
У сваю чаргу прэм’ер-міністар Беата Шыдла сустрэлася з чатырма „Выклятымі жаўнерамі”. Прэм’ер вырашыла прызнаць ім адмысловую пенсію.
Кіраўнік ураду адзначыла, што польская дзяржава абавязана падзякаваць за адданасць, і дадала, што гэтыя людзі паводзілі сябе з гонарам у вельмі цяжкіх сітуацыях.