У Беларусі запрацавалі візавыя цэнтры Польшчы

У Беларусі пачалі працу візавыя цэнтры Польшчы. Першыя чатыры адкрыліся 1 сакавіка ў Мінску, Брэсце, Гродне і Гомелі.



vfs.jpg

Фота www.tradearabia.com

Аператарам польскіх візавых цэнтраў з'яўляецца кампанія VFS Global, якая выйграла абвешчаны МЗС Польшчы тэндар.


Наступнымі гарадамі, дзе плануецца адкрыць польскія візавыя цэнтры, стануць Пінск, Баранавічы (Брэсцкая вобласць), Ліда (Гродзенская вобласць) і Магілёў.


У Мінску польскі візавы цэнтр адкрыўся па часовым адрасе ў бізнес-цэнтры SV Plaza, а праз некалькі тыдняў пераедзе ў пастаянны офіс, які будзе знаходзіцца ў ТРЦ "Галілеа" побач з чыгуначным вакзалам.


Як паведаміў 25 лютага на прэс-канферэнцыі часовы павераны ў справах Польшчы Міхал Хабрас, польскія візавыя цэнтры здольныя прымаць да двух тысяч заяў у дзень. Кошт збору за паслугі цэнтра складзе 15 еўра ў эквіваленце ў беларускіх рублях.


"Адкрыццё візавых цэнтраў значна аблегчыць працэс атрымання польскай візы для грамадзян Беларусі, — сказаў Хабрас. — Гэта дасць магчымасць павысіць якасць абслугоўвання, візы стануць больш даступнымі для беларусаў".


Ён падкрэсліў, што з пачаткам працы візавых цэнтраў беларусы змогуць вырашаць, як ім падаваць заяву на візы — самастойна ў консульства Польшчы або праз візавы цэнтр.
БелаПАН