Польшча падвысіла ўзровень тэрарыстычнай пагрозы
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі падпісаў пастанову аб павышэнні ўзроўню папярэджанняў аб тэрарыстычнай небяспецы і кіберпагрозе. Яна будзе дзейнічаць да 15 траўня.

Узровень тэрарыстычнай пагрозы павышаецца да BRAVO. Гэта другі з чатырох узроўняў. У прэс-рэлізе ўрада адзначаецца, што дадзенае апавяшчэнне адлюстроўвае бягучую геапалітычную сітуацыю ва Украіне, а таксама павелічэнне патоку мігрантаў, піша REFORM.by.
У дачыненні да кіберпагроз узровень павышаны да CHARLIE-CRP. Гэты ўзровень уводзіцца пры наяўнасці пацвярджэнняў магчымасці нападаў у кіберпрасторы або з'яўленні звестак аб планаванай атацы.
«Асноўнай мэтай папярэджанняў бяспекі з'яўляецца павышэнне пільнасці ўсіх службаў, якія забяспечваюць бяспеку Польшчы, і дзяржаўнага кіравання. Пасля іх увядзення важна звяртаць увагу на ўсе нестандартныя сітуацыі і патэнцыйныя пагрозы: незвычайныя паводзіны людзей, пакінутыя ў грамадскіх месцах рэчы, валізкі і заплечнікі, транспартныя сродкі (асабліва мікрааўтобусы), прыпаркаваныя побач з месцамі сходаў», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара міністра-каардынатара спецыяльных службаў Станіслава Жарына.