Польшча павялічвае колькасць войска перад «пагрозамі з Усходу»
Пра гэта 10 верасня заявіў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак на вучэннях «Рысь-2021», паведамляе «Радыё Свабода».
«Мы паслядоўна павялічваем колькасць польскага войска, ствараем новыя часці, новыя тактычныя злучэнні. Што самае істотнае ў гэтым усім? Гэта бяспека нашай краіны, асабліва ў кантэксце агрэсіўнай палітыкі Крамля, у кантэксце гібрыднай атакі, учыненай на польскай мяжы рэжымам, які кіруе ў Беларусі. Таму ў гэтых умовах узмацненне польскага войска — найлепшае і адзінае рашэнне», — сказаў Марыюш Блашчак.
У вучэннях «Рысь-2021» бяруць удзел больш як 4 тысячы вайскоўцаў і 1 тысяча адзінак вайсковай тэхнікі.
Адна з адпрацаваных задач — перакідванне войск з захаду на ўсход.
Цяпер вучэнні працягваюцца на палігоне каля Новай Дэмбы на паўднёвым усходзе Польшчы.
Украіна 10 верасня ўзмацніла ахову мяжы з Беларуссю на сушы, у паветры і на вадзе, залучыўшы спецыяльныя падраздзяленні і тэхніку.
«Гэтыя захады ўжываюцца для папярэджання магчымых правапарушэнняў, правакацый, нестандартных сітуацый і магчымага незаконнага перасячэння мяжы групамі асоб», — патлумачылі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.
У Беларусі і Расіі 10 верасня пачалася практычная частка беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2021». На тэрыторыі Беларусі будуць 13 000 удзельнікаў, у тым ліку 2500 расійскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх. Агулам і ў Беларусі, і ў Расіі ў вучэннях возьмуць удзел 200 000 вайскоўцаў. 400 беларускіх вайскоўцаў возьмуць удзел у вучэннях на тэрыторыі РФ.